Марыйка Мартысевіч, “Цмокі лятуць на нераст”
Чытаць на экране і чытаць КНІГУ для мяне – гэта як секс з жанчынай і мастурбацыя. Сёння Марыйка Мартысевіч вярнула мяне да жыцця: пахабны настрой, дэструкцыя поўная. І тут – кніжка ў паштовай скрыні.Не веру нашым крытыкам – ну што тут зробіш. Асабліва не веру, калі піярыцца аўтар у незалежных выданнях (то ўжо сіндром, відаць). Таму папрасіў Марыйку: ёсць магчымасць – дашлі кніжку. Яна – маладая і абавязковая дзяўчына – даслала. Накрываў сабе на стол таго-сяго перахапіць пасял работы – і на стале ляжала кніга. Не спадабалася вокладка. Перавярнуў. Чытаю: “..ты чакаеш; ты паліш агні; ты начуеш на ходніку. Вызваляеш пад іх пасадку дзьве паласы кальцавой. Будзь пільны; старайся роўна трымаць паходні, калі прызямляецца твой.” І тут я зразумеў, што буду есці і чытаць.
Прашу прабачэння ў аўтаркі, але я еў і чытаў. Я не мог уцерпіць. Я адкрываў кнігу на любой старонцы, чытаў. Гартаў. Чытаў. ...Раптам бачу – Марадона і яго гол рукой. А каб на цябе! Ну што мне можа цікавае сказаць жанчына не 30 гадоў, мне – які Марадону ведае больш, чым яна свайго бацьку? Але – сказала. І пра адкушанае вуха вядомага баксёра змагла сказаць тое, пра што я не думаў. Гэта не значыць, што яна больш за мяне ведае. Гэта значыць - у яе СВОЙ погляд на ўсе рэчы. Ад адкушанага вуха да цёцьманінай хаты.
Калі я прачытаў пра жанчыну: “...іх цыгарэтамі пахнуць твае валасы” – я зразумеў, што перада мной аўтарка, вопыту жаночага жыцця якой не займаць. А яшчэ было “люстэрка дыска” – чорт, як дакладна! А потым нечаканае, халера, першы раз пачутае зарыфмаванае – “лагІн-гімн”
...Чытаў на кухні, зомба-яшчык выключыў. Жэнька пабегла на дзюдо, Святлана – працуе суткі. Я вячэраў гадзіну ці болей. Мне раптам падалося, што Марыйка Мартысевіч – са мной, сядзіць побач і не я чытаю, а яна расказвае, ніякавата пасмейваючыся: “от, такая я...”. І я лёгка прыняў тыя месцы ў кнізе, дзе гаворка ідзе пра маты (а чаму б нам удваіх не пагаварыць і пра гэта, ну і няхай мне Марыйка амаль у дочкі даводзіцца?), я слухай яе расповеды пра памежжа... Я не прачытаў усё – я хапаў вачыма асобныя старонкі, так, як людзі, сустрэўшыся, раптам бачаць, што яны цікавыя адно аднаму, пачынаюць расказваць, збіваюцца на іншыя тэмы, гавораць без сістэмы і парадку, але надзіва – абое слухаюць, бо імі адчуваецца роднае.
...Але вось і кава выпіта, і трэцяя цыгарэта спалена. Што я мушу сказаць? Так, з вышыні сваіх пражытых гадоў я бачу яшчэ недасканалы вопыт жыццёвы маладой жанчыны. Гэта... адчуваецца на старонках так, як водар парфумы. Ды вось што цікава: Марыйка, нават выводзячы ў сваіх разважаннях выкшталцоныя высновы, даводзіць іх да чытача (мяне) так, нібыта кажа: “Вось я так думаю. Пераканайце хіба дурную...”. То бок, яе вопыт сёння прагне абагачэння. Яна – расце, яна не спынілася ў сваіх штукарствах-імпрэзах, яна шукае – ад старонкі да старонкі... І я перакананы, што яна знойдзе.
Разам з сённяшняй поштай у маю паштовую скрыню лёг талент – я цяпер упэўнены, што талент сапраўдны – і ўжо таму, што бачу ў ім жаданне расці, стаць шырэйшым. Уся кніга Марыйкі Мартысевіч – як некалішняя прамакатка са сшытку – яна ўбірае ў сябе маё адчуванне, мае настроі, мае водгукі, бы той малады цмок, што паляцеў на нераст і зразумеў – ранавата яму яшчэ, падхарчавацца трэба. Дзіўна, але мне прыемна падкарміць гэтага цмока – няхай расце. Роднай літаратуры прыбудзе.
Раздзел: Водгукі мае пра чужое |
|
|