Жанна Капуста, ЛіМ, №8, 27.02.08
Шчыра дык шчыра Героі аповесці Валерыя Гапеева “Усё цудоўна, або Урок бяспечнага сексу” абвінавачваюць сваіх бацькоў, настаўнікаў і ўвогуле – усіх дарослых у цынічным стаўленні да іх. Маўляў, выхоўваеце-выхоўваеце, а пасля сядае дзіця за камп’ютэр ці тэлевізар – і атрымліваецца, што ўсё забароненае забаронена толькі ўмоўна, для прыліку... І В.Гапееў, нібы адгукаючыся на закіды сваіх “праўдашукальных” падлеткаў, публічна адмаўляецца ад цынізму, пра што засведчыла нават і назва аповесці. Пісьменнік прапаноўвае пагутарыць шчыра, называючы рэчы сваімі імёнамі. Давайце пагутарым.Дзіўная атрымалася сітуацыя: вобразам школьнікаў-дзесяцікласнікаў у аповесці В.Гапеева аддадзена шмат увагі, у кожнага свой характар і нават маўленне індывідуалізаванае, затое усе дарослыя – як манекены. Звычайна бывае наадварот, бо пра тое, што бліжэй да ўласнага жыццёвага досведу, пішацца лягчэй. І нельга не заўважыць, што героі падзелены паміж сабой рэзкай мяжой: бацькі і настаўнікі нібыта перайшлі на старонкі твора з сучаснасці, а вось дзеці – з часоў 30-гадовай даўніны. І як ні дзіўна, менавіта гэтым яны выклікаюць замілаванне – такіх наіўных, узнёслых, недасведчаных і правільных падлеткаў асабіста мне сустракаць ніколі не даводзілася. І, магчыма, аўтар мае рацыю: праблема сапраўды ў гэтым – у тым, што такіх дзесяцікласнікаў ужо даўно няма. Аднак ёсць і іншы аспект.
В.Гапееў – ідэаліст. Пра гэта сведчыць і тэма, і пафас, і героі. Імкнучыся да ідэалу, пісьменнік стварыў вобразы ідэальных падлеткаў. Верагодна, для таго, каб яны служылі прыкладам і ўзорам. Іншымі словамі, пісьменнік адлюстраваў не тое, што ёсць насамрэч, а тое, да чаго варта імкнуцца. Калі такая была мастацкая задума, калі В.Гапееў сам усведамляў, што яго героі не надта адпавядаюць вобразам нашай паўсядзённасці, то нічога заганнага ў гэтым няма – творца прапаноўвае альтэрнатыву. Але так здаецца толькі на першы погляд. Калі паспрабаваць прааналізаваць твор больш уважліва, атрымаецца, што не такая ўжо прымальная гэтая “альтэрнатыва”.
Героі аповесці В.Гапеева, не папярэдзіўшы бацькоў і настаўнікаў, замест запланаванага наведвання школьнай дыскатэкі, з’язджаюць у лес. Гэта адбываецца познім вечарам. Ці апраўдваюць такі небяспечны па сённяшнім часе ўчынак высокія памкненні да чысціні і прыгажосці? Далей – болей. Дзесяцікласнікі вырашаюць праверыць, ці давяраюць. Ім уласныя бацькі, і робяць гэта наступным чынам: кожная з дзяўчат тэлефануе маці і паведамляе: “Мам, я ў лесе. Не перажывай, у мяне з сабой прэзерватыў. Які-які? Я на назву не глядзела, мне хлопцы далі...”. Рэакцыя мамы, мяркую, дадатковага каментарыя не патрабуе. Выслухаўшы абурэнні і патрабаванні вярнуцца дамоў, школьнікі пачуваюцца страшэнна расчараванымі: аказваецца, іх бацькі ім не давяраюць! (“...па шаснаццаць гадоў пражылі, а і не ведалі, якія мы на самай справе нягоднікі і паразіты...”). Гэта штучна і няшчыра. Хацелася б паглядзець на самога В.Гапеева, калі б яго дачка ці сын паўтарылі гэты “тэст на давер” ці, словамі аднаго з герояў, “кантрольнае заданне родзічам”.
Наступным крокам у супраціве даросламу цынізму стала прапанова адключыць мабільныя тэлефоны. На мой погляд, пісьменнік адлюстраваў звычайны падлеткавы эгаізм і самамэтны бунт супраць аўтарытэту бацькоў, які з’яўляецца неад’емным спадарожнікам пераходнага ўзросту. Пра нейкую прагу справядлівасці і пакуты абражанага гонару гаворку весці недарэчна. Такая схема вынікае з аналізу развіцця сюжэта. І з’яўляецца адчуванне, што яна супярэчыць аўтарскай канцэпцыі, таму што пісьменнік відавочна сімпатызуе сваім героям і пазіцыянуе іх менавіта як станоўчых. (Крыху няёмка карыстацца такой па-школьнаму дыдактычнай лексікай, аднак задума твора гэтага вымагае).
Урэшце, мадэль дыялога паміж бацькамі і дзецьмі, прапанаваная В.Гапеевым, выглядае сумнеўна. А працэдура спальвання прэзерватываў як абвінавачаных у тым, што яны “з’яўляюцца спакусай для няўрымслівых і цікаўных дзесяцікласнікаў”, увогуле выклікае пытанні аб разумовай адэкватнасці герояў...
Літаратура заўсёды звязана з сучаснасцю, нават калі пісьменнікі паслядоўна пазбягаюць актуальных тэм і рэалій (у той ці іншай ступені гэта ўсё роўна абумоўліваецца сучаснасцю). Аднак праўда і тое, што твор, прысвечаны найбольш вострым культурным, грамадскім, сацыяльным праблемам свайго часу, ніколі не застанецца незапатрабаваным чытачом (вядома, калі ён напісаны таленавіта). Менавіта з гэтага пункта гледжання з’яўленне аповесці В.Гапеева – факт станоўчы. Аднак штучнасць праблемы, пастаўленай у цэнтр твора, штучнасць матывацыі ўчынкаў герояў прывялі да таго, што пытанні, якія ўздымае аўтар, “павіслі” на часопісных старонках без адказу...
Раздзел: Водгукі чужыя пра маё |
|
|