Усё цудоўна, або Урок бяспечнага сексу (2)
На гэтыя поўныя глыбокага сэнсу словы ні ў каго адказу не знайшлося. Нейкі час усе маўчалі, потым Антон асцярожна прапанаваў:
- Давайце, я маці патэлефаную… Яна сёння ў "начніку" працуе, там і вадзіцель ёсць… Прывязе паесці чаго, вады гарачай у тэрмасе… А можна чайнік звычайны ўзяць, вады прама тут нагрэем… А?
- Ну… Добра, - згадзілася Каця. - Але скажы маці, каб палічыла ўсё, мы складземся і вернем грошы. Згодны? - Каця пыталася ва ўсіх.
- Уга, даеш каву!
- І есці хочацца. Сасісак каб…
- Сала! На прутках пасмажым!
Антон тут жа дастаў свой мабільнік, адышоў убок і стаў тэлефанаваць маці.
- Дык патлумачыць хто, чаго мы не на дыскатэцы, а ў лесе? - сур'ёзна спытаўся Юрка Хаванскі.
- Вырашаем, што нам рабіць з нашымі бацькамі, - адказаў Сашка.
- Крута! І адкуль такі наезд на родзічаў? - залыпаў вачыма Віктар-паэт. - Тое варта ўвекавечання ў слове!
- Астынь… - адмахнуўся ад яго Сашка. - Дакладна для траіх гэты дзень стаў у многім адкрыццём. Для Тані вось… Для мяне… Нехта пабачыў, як мяне і Таню брат падвозіў сюды. І вось маці ўжо тэлефануе ў роспачы: ёй наказалі, што быццам мы запіхнулі беднае дзяўчо ў машыну, рот ёй закрыўшы, і павезлі гвалтаваць! Ведае мяне 16 гадоў - але гатова тут жа паверыць, што я здольны на любую дрэнь!
- І я з падобным сутыкнуўся сёння, - задуменна прагаварыў Юрка Хаванскі. - Галінка ў сумачцы прэзерватыў знайшла… Дарэчы, хто гэта так жартуе?
- Я гэта жартую, - буркнуў Юрыс.
- Ну, я здагадаўся. Дык вось, Галінка аддала той пакецік мне. Я яго ў кішэню кінуў і забыў, пакуль дадому прыйшоў. Збіраюся на дыскатэку, маці ўзяла мае штаны, каб прасам прайсціся. Ну, у кішэню залезла. Выходжу з кухні - яна сядзіць на канапе, вочы глядзяць у нікуды, маўчыць, і слёзы з вачэй коцяцца. Я так перапалохаўся - думаў, бяда якая здарылася, мо бабуля памерла, яна ў нас старэнькая ўжо. А маці ў руках трымае той пакецік. Кажа мне: "Я ж цябе гадавала… Табе ж яшчэ толькі 16…" Я толькі рот раскрыў, а яна такую істэрыку закаціла… тут бацька прыйшоў. Неяк разам супакоілі. Здаецца, пераканаў, што не збіраюся сёння скарыстаць той пакецік. І вось выходжу ўжо з кватэры, даганяе бацька і кажа, каб у наступны раз я такія рэчы хаваў падалей!
Стрымана засмяяліся.
- Было б смешна, - перапыніў смех Сашка, - каб не было так балюча. Твар у Тані бачыце які? З-за прэзерватыва. І пытацца не сталі: як і чаго ў сумачку трапіў. Ды ўпэўнены, знайшлі б яшчэ ў каго з дзяўчат бацькі такі пакецік - тое ж было б.
- Яны мяркуюць аб нас на прыкладзе саміх сябе, - сказаў Сяргей. - А яшчэ чытаюць газеты і глядзяць тэлевізар. І мы для іх - самыя разбэшчаныя, самыя распушчаныя, самыя няўдзячныя з усіх пакаленняў.
- О, наш Сяргей загаварыў, - адазвалася Галінка. - Толькі не трэба за ўсіх, - закончыла яна з выклікам.
Сяргей глянуў на яе са шкадаваннем.
- А ты вось патэлефануй зараз маці і скажы, што ты не на дыскатэцы, а ў лесе і што ў тваёй сумачцы ляжыць прэзерватыў. Табе маці верыць?
- Верыць, вядома. Яна ведае, што я…
- Яна ведае, што яе дачка не зробіць глупства?
- Яна ўпэўнена ў гэтым! У мяне ад маці няма ніякіх сакрэтаў!
- То патэлефануй… І скажы пра прэзерватыў, не забудзь. Быццам ты яго не аддавала Юрку.
- Ну і патэлефаную… Усе цішэй, я спецыяльна гучную ўключу, каб вы чулі…
Галінка набрала нумар.
- Але, дачушка, як справы?
- У мяне ўсё добра!
-…А што гэта музыкі не чуваць?
- А я не на дыскатэцы.
- А дзе?
- У лесе.
- У… якім лесе?
- Тут, за горадам. Ты не хвалюйся, усё нармальна.
- Што ты мяне супакойваеш… Збіралася на дыскатэку, апынулася ў лесе… З кім ты там?
- Ну… з сябрамі. Ды ўсё нармальна.
- Глядзі мне, "нармальна".
- Кажу, нармальна. У мяне ў сумачцы ляжыць прэзерватыў.
- Што!? - маці Галінкі захліпнулася ў крыку. - Ты што там робіш? Ты дзе? Кажы хутчэй - ты дзе? Я зараз прыеду, ты што там надумалася?! Табе колькі год? Ну, прыйдзеш дадому… Ах ты…
Галінка выключыла тэлефон.
Нейкі час яна сядзела моўчкі, апусціўшы галаву долу.
- Прабач, калі ласка, - ціха папрасіў Сяргей. - Гэта жорстка з майго боку, але ж так мне ніхто не верыць…
- Ды не… нічога, - Галінка шмыгнула носам, ацерла вочы. - Дома мяне чакаюць вялікія непрыемнасці. Але… Дзякуй, Сяргей. Я не шкадую ніколькі. Буду ведаць…
- Нічога не зробіш, гэта стэрэатып паводзін нашых бацькоў, - пачаў разважаць Юрка. - Ты ім кажаш: "У мяне ёсць прэзерватыў". І ўсё, іх як выключае! Яны зацыкліваюцца толькі на самым горшым, што могуць прыдумаць. У гэты момант яны не могуць разважаць. Ім у голаў не можа прыйсці, што гэты пакецік табе паклалі ў сумку дзеля жарту, што ты яго купіў, каб адрэзаць і зрабіць звычайны пасік у магнітолу, бо стары парваўся… Для іх гэты прэзерватыў - наш прысуд. Ён у дзяўчыны - яна блудніца і дрэнь. У хлопца - распуснік.
- Увогуле, дурасць нейкая! - заключыла Каця. - Садзяць у актавай зале і расказваюць, што нам трэба карыстацца прэзерватывам, у кожным шапіку - бяры купляй, ва ўсіх універсамах побач з шакаладам ляжаць, ды яшчэ з такімі назвамі і такімі малюнкамі. Але як толькі заўважаюць у нас гэты прэзерватыў - мы тут жа робімся злачынцамі. Выходзіць, мы павінны слухаць, бачыць, чытаць, умець карыстацца - але ў рукі не браць! Зараз я праверу…
Каця рашуча стала набіраць нумар.
- Мам, я ў лесе. Не перажывай, у мяне з сабой прэзерватыў. Які-які? Я на назву не дзівілася, мне хлопцы далі…
Нейкі час у Каціным тэлефоне чуўся толькі крык. Каця нават не слухала - адставіла руку ўбок, крывілася, як ад фізічнага болю.
- Ты глядзі, - разгублена загаварыў Віктар. - па 16 гадоў пражылі, а і не ведалі, якія мы на самай справе нягоднікі і паразіты… Так, у каго з сабой мабільнікі - пасылаем кантрольнае заданне родзічам: тэлефануем ці эсэмэскамі коратка паведамляем: мы ў лесе, але за нас перажываць не трэба, за дзень мы добра навучыліся ад сваіх настаўнікаў прафілактыцы СНІДу, і кожны мае з сабой прэзерватыў! Ну, хто тэлефануе са мной?
Патэлефанавалі амаль усе, хто меў мабільнік, зразумела, акрамя тых, каму тэлефанаваць ужо не мела сэнсу.
- Так, цяпер трэба ўвогуле павыключаць тэлефоны, бо пасядзець не дадуць, - прапанаваў нехта.
- Ты што? Там такое пачнецца!
- А што пачнецца? - аж падскочыў Віктар. - У школе - бяспечнаму сексу вучаць, дома па тэлеку па ўсіх каналах - бяспечнаму сексу вучаць, у часопісах і газетах - бяспечнаму сексу вучаць! У нас ёсць пашпарты, мы дарослыя людзі! Не вучыце трахацца бяспечна - мы ўвогуле раней пары ніяк не будзем.
- Адключаем тэлефоны!
- Адзін пакінем, - катэгарычна ўставіў Юрка Хаванскі. - Твой, Каця. Ты ў нас стараста…
- І табе першай заданне: нацягнуць, не парваўшы, прэзерватыў вось на гэты сучок, - закончыў Юрыс, трымаючы ў руках доўгі сукаваты кій.
Смех разрадзіў сур'ёзнасць. Стала крыху прасцей. Мабільнікі на самай справе выключылі ўсе. Толькі Кацін заставаўся на сувязі.
І той затрэнькаў амаль адразу ж.
- Класная! - прыглушана гукнула Каця да астатніх, каб замоўклі. - Слухаю, Вольга Федараўна… Чаму мы не ў школе? А мы тут, у Чарэмшані. Ну, амаль усе… А нічога не робім, сядзім, касцёр гарыць, чаромхі наламалі, у панядзелак у клас прынясем. Салаўёў слухаем. Ага, тут яны так спяваюць…Чаго надумаліся? Што здарылася? Ды, па праўдзе, здарылася. Адзін не самы ўдалы жарт меў далёка не вясёлы фінал. Не маю права расказваць… Ды ўсё ў нас добра! Хто тэлефанаваў? А-а-а… Ну, дык жа лагічна, як кажа наш Юрка: тэарэтычныя веды па прафілактыцы СНІДу падмацоўваюцца практычнымі заняткамі. Не, я не ведаю, як яны праводзяцца. Яшчэ не пачыналі. У нас Юрыс за гэта адказвае… Ат, не выдумляйце вы…
Каця выключыла тэлефон, агледзела пільна кола аднакласнікаў.
- Ну, класнай ужо патэлефанавалі, што ў нашага класа практычныя заняткі па прымяненню прэзерватыва. Нешта будзе…
- Трэба было не казаць, што мы тут сядзім, а то зараз з міліцыяй сюды прыедуць, - заўважыў нехта.
- Не, няхай ведаюць, што мы ад іх не хаваемся, - не згадзілася Каця.
- А міліцыя як прыедзе, так паедзе, - уставіў Сяргей. - Мы не парушаем грамадскі парадак, палім касцёр ва ўстаноўленым месцы, не ўжываем спіртное…
- І нават піва…
- І нават піва.
- Га, а калі міліцыя з бацькамі?
- Ну і што? - паціснуў плячыма Сяргей. - Ніхто не мае права мяне, паўналетняга грамадзяніна, сілком весці некуды, калі я не здзейсніў нічога супрацьзаконнага.
- А ты адкуль усё ведаеш? - здзівілася Галінка.
- Ведаю, - усміхнуўся Сяргей. - У двары малады хлопец, у міліцыі працуе. Я дапамагаў яму яго аўтамабіль рамантаваць. Ну і распытаў…
- А навошта?
- Значыць, трэба, - адказаў Сяргей так, што нікому не хацелася пытацца далей. І так было зразумела, што не дзеля цікавасці.
- Ды ў тэорыі так, а на практыцы - няма ў нас ніякіх правоў, - са скрухай паківаў галавой Віктар. - Прымусяць. Не пойдзеш жа з дому.
- Я пайду, - ледзь чутна адказаў Сяргей.
- І я… дамоў не магу вяртацца, - нечакана прызналася ўсім адразу Таня. - Як успомню… Не разумею, як я далей у той кватэры жыць буду.
- Дзеці мае, я ведаю выйсце: вам трэба застацца тут, мы дапаможам вам зрабіць цудоўны будан, мы аддадзім вам усе свае прэзерватывы, - зноў з'яхіднічаў Юрыс.
Добра, што ёсць такія - зноў крыху весялей стала.
- А ведаеце, - пачала Мэры, якая ўважліва дагэтуль слухала ўсіх, - выдатная будзе тэма для школьнай газеты…
- Як прапусцяць.
- Ну, павесім, а там няхай зрывае Верачка, - прадоўжыла Мэры. - Я ўспомніла, як год таму мы з сяброўкай ўзялі фотаапарат і пачалі рабіць з сябе топ-мадэляў. Сапстрыкалі плёнку. А карткі маці забрала - як так атрымалася, не помню ўжо. Божа, там такія кадры былі! Ну, усё прыстойна, ва ўсякім разе куды больш адкрытыя здымкі ў часопісах ёсць. А мы ж толькі для сябе. Вой, што было! Я думала, мой фотаапарат дажывае апошнія хвіліны разам са мной. Добра, брат умяшаўся: моўчкі прыцягнуў стары мамін фотаальбом. А там яна ў маім узросце са сваёй сяброўкай - ну, амаль такія ж здымкі, толькі хіба мода не тая. А так позы нават аднолькавыя… І ведаеце, што мама на гэта сказала?
- Што яна была дурная, а з цябе хоча зрабіць разумную, - нявесела усміхнулася Каця. - Мне мая не адзін раз тое казала…
- Прыкіньце, яны ж прайшлі праз усё гэта, выраслі нармальнымі людзьмі, то чаму думаюць, што мы, робячы тое ж, вырасцем нелюдзямі? - спытаўся ў нікога Сашка.
- Яны ўсё апраўдваюць часам, - адказаў Юрка. - Маўляў, тады свет быў іншым.
- Ага, і зоркі не свяцілі, салаўі не спявалі..
- І стараста класа не вучыла беднага хлопца бяспечнаму сексу пад салаўіныя трэлі ў святле зорак, - закончыў Юрыс.
І зноў атрымаў кухталя ў плечы - сядзеў побач з Кацяй.
- Чакайце, чакайце…- Віктар устаў, задраў галаву, закрыў вочы, зморшчыў лоб і прадэкламаваў:
Быў іншым свет. Без салаўёў і зорак…
Адзіная была прэрагатыва:
Пабудаваць сацыялізм ва ўсёй прасторы
І спаць з каханай без прэзерватыва.
- Вау! Біс! - узарваліся крыкам і смехам, а Віктар грацыёзна раскланяўся, заклаўшы адну руку за спіну.
- А яны маюць рацыю, - сказаў Юрка, калі смех сціх. - Свет зусім другі. І не ўсё так проста з гэтым СНІДам і яго прафілактыкай…
- То ты пра гэта і хацеў спытацца на лекцыі? - спытаў Сашка.
- Ну, не зусім. Доўга расказваць…
- А карацей нельга сказаць, калі цікава? - спытаў нехта нецярплівы.
- А куды спяшацца? Ноч вялікая, да раніцы далёка.
- О, усю ноч прасядзім?
- А што? Ведаеш, як прыгожа сонца над горадам устае, калі адсюль глядзець? Нейкіх пяць гадзін - і сонца ўзыдзе.
- Дык вось, я хацеў аб чым сказаць, - пачаў Юрка, але мусіў прыпыніцца: сноп святла накрыў вучняў - пад'язджала машына.
- Ура, кава прыехала!
Паўскоквалі з месцаў, збіраючыся сустракаць.
Але з аўтамабіля выйшла класная, Вольга Фёдараўна, і завуч - Вера Андрэеўна, ці Верачка.
- Няма ў вас ніякага сумлення! - выгаворвала, падыходзячы, завуч. - Вы паглядзіце на мае ногі - я сёння абула свае новыя туфлі, ні разочку яшчэ не абувала. І што з імі цяпер будзе? Што, нельга было папярэдзіць?
- А мы нікога не клікалі, - асцярожна ў поўнай цішыні сказаў Сашка.
- А мог бы і паклікаць! - сказала Вера Андрэеўна так, як быццам страшэнна пакрыўдзілася, быццам ёй гэтаксама 16 год, і яе, адну, пакінулі аднакласнікі, не ўзялі з сабой. - Ну, вы хоць дазволіце прысесці? - папрасіла нечакана плаксіва.
- Сядайце, мы нікога не гонім, - крыху разгублена адказала на правах старасты Каця.
Моўчкі расселіся вакол кастра. Цішыню парушыла завуч:
- Авохцічкі мне… - Яна з задавальненнем выцягнула ногі да полымя, высока задрала галаву і глядзела на зоры. - Божухна, я не памятаю, калі апошні раз сядзела ноччу каля кастра…
Ёй паверылі - у яе словах гучала сапраўдная, нічым не прыхаваная, зусім не штучная туга немаладой жанчыны па страчанай назаўсёды маладосці.
- А некалі… Некалі… Ат, што ўспамінаць… Ну, што ў вас тут такое цікавае, з-за чаго вашы бацькі запатрабавалі крыві маёй і вашай класнай?
- Што, ужо запатрабавалі? - хмыкнуў Юрка Хаванскі. - Умееце вы, дарослыя, перакладваць адказнасць з аднаго на другіх.
- О, Юрка, гэта мы дакладна ўмеем.. Ну, раскажыце нам што-небудзь, ці мы тут лішнія?
- А ў нас тут суд, - загаварыў Сашка.
- І каго судзіце? - з лёгкай трывогай спытала класная, Вольга Фёдараўна.
За ўсіх адказаў Юрыс Клімко. Праз некалькі секунд нацягнутага маўчання, калі стала зразумела, што ніхто не бярэ на сябе абавязак адказваць, ён ускочыў у цэнтр, стаў ля самага вогнішча. Рукі наперад выставіў, трымаючы ўяўную папку, голасна пачаў:
- Слухаецца справа за нумарам адзін у абвінавачванні вырабу з высакаякаснага латэксу, які, будучы надзьмутым, па форме нагадвае дзіцячы паветраны шарык, пад назвай "прэзерватыў". Апошні абвінавачваецца ў тым, што: будучы спакусай для няўрымслівых і цікаўных дзесяцікласнікаў, стаў для іхніх бацькоў галоўным пунктам абвінавачвання юных асоб у страшэннай распусце.
- Ды сціхні ты! - нечакана рэзка перабіў яго Юрка. - У нас суд. Мы судзім сваіх бацькоў. І настаўнікаў. Увогуле - дарослых.
- Так… - без усмешкі працягнула Вера Андрэеўна. - Значыць, я - на лаве падсудных. Хто будзе маім адвакатам?
- Дазвольце мне, - так жа сур'ёзна падтрымала яе Вольга Фёдараўна. - У чым абвінавачваюць маю падабаронную?
- Вера Андрэеўна так і не навучыла Юрку Хаванскага карыстацца прэзерватывам, - хутка выпаліў Юрыс і шмыгнуў за спіны аднакласнікаў.
Прыснулі смехам.
Юрка Хаванскі заліўся чырванню - ён зазлаваў, але стрымаўся. Узняўся, хацеў сказаць нешта сур'ёзнае, але замест гэтага ўсміхнуўся: - Пайшоў к чорту, многа ты ведаеш… Ура, нам каву вязуць!
І праўда, з дарогі да кастра завярнуў "бус" - у асветленай кабіне пазналі маці Антона. Паўскоквалі з месца, сустрэлі, акружылі аўтамабіль.
- Вой, што ж вы раней не папярэдзілі, - маці Антона, паўнаватая, з простым сялянскім тварам жанчына, адчыняла дзверы буса. - Бярыце, там два тэрмасы вялікія, трохлітровыя, вада чыстая, і чайнік просты ёсць. Вунь тую каробку цягніце, з-пад тэлевізара, там пячэнне, хлеб, сасіскі, мяса… От, пакет, тут кубачкі аднаразовыя, кава, цукар…
- Ура!
- Застаёмся на суткі!
- Куды хапаеце? Кожнаму пад асабістую распіску выдаваць. Вылічваць будзем з начнымі працэнтамі!
- Дзетачкі, якое вылічваць, якія працэнты… - завохкала маці Антона і тут пабачыла класную і завуча каля кастра. - Ой, я і не ведала, мне не сказалі, што вы тут разам…
- Не перажывайце, Марыя Дзмітрыеўна, - класная падышла да аўтамабіля. - Тут ніхто не ведаў, што будзем апоўначы піць каву ля кастра ў лесе. Дзякуй вам вялікі. Грошы мы збяром і вернем…
- Ат, што тыя грошы, - шчыра адмахнулася цётка Марыя. - Грошы прыйдуць, грошы пойдуць… Абы спакой быў ды здароўе. Ну, я паеду, а то дзяўчына там адна, а мужыкоў сёння многа прыходзіць, і п'яныя трапляюцца… Шчаслівенька вам…
Падкінулі дроў у касцёр, наламалі пруткоў, чаплялі на іх сасіскі і смажылі на агні. Налівалі гарачую каву, яшчэ чайнік з вадой прытулілі да агню.
Ой, які цудоўны водар пайшоў: смажаныя на агні сасіскі і кава!
Павымазваліся, вядома. Мэры вохкала, са страхам гледзячы на сваю блузку: тлустая, чорная пляма на рукаве.
- Вай, пападзе…
- Ага, будзе! Сапсаваная вопратка для мацярок куды страшней за сапсаваны прэзерватыў! - Юрыс і тут знайшоўся.
Нарэшце сціх узбуджаны, вясёлы гоман - наеліся смажаных сасісак з пячэннем, цяпер павольна пілі каву.
- А можа, не будзем нікога судзіць? - жаласліва запытаўся Юрыс. - Судзіць трэба на галодны страўнік. А то мяне сумленне мучыць, калі я маці Антона буду прысуд выносіць.
- Точна, цётку Марыю адразу амнісціруем, - падтрымаў нехта.
Па праўдзе, нешта расхацелася казаць аб сур'ёзным: цёпла ад кастра, цёпла ад гарачай кавы, утульна на сэрцы… Пасядзець вось так, памаўчаць ці незвычайнае што паслухаць…
- Можа, казку хто раскажа? - запытаўся Юрыс? - Я б падрамаў…
- Я казку раскажу, - нечакана загаварыла Вольга Фёдараўна. - паслухаеце?
- А казка са шчаслівым канцом і без маралітэ?
- Казак без маралітэ не бывае, - усміхнулася класная.
- А пра Чырвоную Шапачку якое там маралітэ?
- А пра Папялушку? - пасыпаліся пытанні.
Класная ўсміхнулася.
- О, сябры мае… Ведаеце, гэтыя выдатныя казкі пісаліся зусім не для дзяцей.
- Гэта як? Чырвоная Шапачка - для дарослых?
- Ну вядома ж. Гэта не казкі ўвогуле, а на наш лад - байкі. І ў першых выданнях пісаліся напрыканцы іх тыя самыя маралітэ, як вы кажаце. Напрыклад, у Чырвонай Шапачцы было кшталту таго, што некаторыя маладыя дзяўчыны бываюць занадта даверлівыя. І вось да чаго гэта можа прывесці.
- О Божа, ратуй мяне! - заенчыў Віктар. - І тут секс! У нявіннай казачцы?! Дзе ты, рамантыка, дзе ты, паэзія?!
- Не можа быць, - засумняваўся нехта з дзяўчат.
- Чаму? - задумалася Мэры. - Між іншым, тады гэты расповед аб дзяўчыначцы набывае сэнс. А так жа - пустое апавяданне. А ў казках жа заўсёды бывае трапны вывад.
- Вой, а Папялушка - таксама? - схамянулася Каця. - Я іншы раз на сябе гляджу - бы тая Папялушка. Толькі на баль ніхто не запрашае.
- І Папялушка таксама, - развяла рукі ў бакі класная. - Казку перапісалі крыху, надаўшы ёй рамантыкі і прыгод. А ў пачатку Шарль П'еро зрабіў у канцы допіс зусім не рамантычны…
- Чакайце, Вольга Фёдараўна, - прыпыніла яе Вера Андрэеўна. - Ну, успомніце казку і з улікам пачутага пра Чырвоную Шапачку зрабіце аналагічны допіс да Папялушкі. Юрка, блісні сваім розумам, - Верачка падміргнула Юрку Хаванскаму, але падахвоціла проста, без кпіну.
- Ну, - Юрка на хвіліну задумаўся. - Папялушка там усё працуе, працуе… Потым фея з'явілася - вось ты ўжо і прынцэса… Прынамсі, занадта проста Папялушка атрымлівае свае чаравічкі і сукенку з карэтай і коньмі.
- Малайчына, Юрка, - пстрыкнула пальцамі класная (гэта ў яе іншы раз міжволі атрымлівалася - пстрыкнуць пальцамі, як хто з вучняў яе надта ўзрадуе). - Казачнік так быў і напісаў: добра мець вось такіх хросных маці, якія палачкай махнуць - і ты прынцэса. Але трэба разлічваць толькі на сябе…
- Ну, раскажыце мне цяпер сваю казку, - раптам строга загаварыла Вера Андрэеўна. - Я вам сур'ёзна сказала пра прагу нашай крыві. Было тры вельмі непрыемныя званкі. І баюся, гэтымі званкамі справа не закончыцца. Што тут увогуле адбываецца? Чаму вы тут, калі школьнай дыскатэкі чакалі столькі часу? За што збіраецеся судзіць дарослых?
Усе маўчалі. Разумелі, што адказваць павінен той, хто першы тут з'явіўся.
Сашка адчуваў, што аднакласнікі чакаюць, пакуль загаворыць ён. І ў гэтым чаканні было прызнанне Сашкі ці не галоўнай фігурай у гэты вечар. Але аднакласнікі гэтым разам не рабілі яго вінаватым - не, у іх згодлівым маўчанні была павага да яго, Сашкі, і да Тані і гатоўнасць тут жа абараніць, заступіцца.
Сашка ціха крануўся пляча Тані.
- Расказваць?
- Расказвай, - прашаптала, кіўнуўшы, Таня.
- Усё?
Таня толькі кіўнула.
- Гісторыя пачынаецца сённяшнім днём, - пачаў Сашка. - Юрыс, давай, пачынай.
- За дапамогу ў перамяшчэнні грузаў з аўтамабіля ў прыватны магазін я ў якасці заробку атрымаў упакоўку прэзерватываў ад гаспадара магазіна, - борздзенька пачаў Юрыс, быццам загадзя рыхтаваўся. - Скарыстаць іх адзін я не мог ды і жадання не ўзнікла, таму… - Юрыс хмыкнуў, яму як быццам самому надакучыў яго гуллівы тон, стаў гаварыць спакойна, з ноткамі шкадавання: - Мы ўтраіх вырашылі пажартаваць - паклалі на ўроку фізкультуры кожнай дзяўчыне пакецік: каму ў сумачку, каму ў падручнік. Думаў, што на лекцыі прыдумаю які-небудзь прыкол. Але лекцыя скончылася не на той ноце. Ну, не будзеш жа забіраць "падарункі" назад…
- Такім чынам прэзерватыў аказаўся і ў сумачцы Тані, - працягваў Сашка. - Маці заўважыла яго, нічога не пыталася, адразу ўдарыла. Па твары. Таня ўпала, выцялася аб вушак дзвярэй… Потым я ёй патэлефанаваў, мы пайшлі сюды. Не ісці ж на дыскатэку з сіняком на твары...
- А ў панядзелак мяне павядуць правяраць на цноту, - нечакана ўставіла Таня.
- Ну, а гэта…- Сашка дастаў свой мабільнік, уключыў, панаціскаў кнопкі, паказаў успыхнуўшы на маніторы фотаздымак класнай. - Гэта пасля таго, як Таню ўдарылі. Але… Гэта бачыў толькі я.
Класная, Вольга Фёдараўна, пакусвала вусны, гледзячы на здымак. Моўчкі яна перадала мабільнік Веры Андрэеўне. Тая глядзела нядоўга, працягнула тэлефон Сашку. Твар яе заставаўся спакойны.
- А потым да нас прыйшлі, - закончыў Сашка.
- І тыя, хто прыйшоў, упэўніваліся адзін за другім, што яны з'яўляюцца для сваіх бацькоў зусім не такімі, як думалі раней, - прадоўжыў Юрка. - Аказалася, што дастаткова толькі даведацца бацькам аб дзвюх рэчах, як мы, хвіліну назад разумныя і добрыя, ператвараліся ў разбэшчаных распутнікаў.
- Як толькі мая мама даведалася, што я тут, у лесе, і што ў мяне ёсць прэзерватыў, - яна забылася, што дзень таму казала мне, як яна мне верыць, - гэта ўжо загаварыла Галінка.
- І я з дарослай разумнай дачкі, якая дапамагае маці глядзець малодшых, стала дрэнню, якую трэба разарваць, як жабу, за ногі, - горка ўсміхнулася Каця.
Павісла маўчанне. Доўгае, густое, замешанае на агульнай крыўдзе.
- І ў гэтым вы мяне абвінавачваеце? - спытала-ўдакладніла Вера Андрэеўна. - А можна сфармуляваць абвінавачванне больш дакладна?
- Можна, - рэзка адказаў Юрка, было відавочна, што яму не церпіцца выказаць набалелае. - Мы, дзесяцікласнікі, абвінавачваем вас, дарослых - бацькоў, настаўнікаў - у тым, што вы руйнуеце нашу веру ў светлыя пачуцці кахання і сяброўства; што вы таўхаеце нас у бруд жывёльнага сексу; што вы, прытворна заломваючы рукі і пераконваючы адно аднаго ў тым, што мы - сама разбэста і распуста, самі цалкам знімаеце з сябе адказнасць за свае дзеянні; што вы, кажучы, што любіце нас, між тым бачыце ў нас няўдзячных, цынічных, безадказных.
Стала ціха. Нават касцёр гарэў бязгучна, нічога не пастрэльвала ў полымі.
- Абвінавачваемыя, вам зразумелы сэнс сказанага? Вы ведаеце свае правы?
Юрыс пытаўся жартаўліва, але было зразумела, што цяперашняя яго жартаўлівасць - толькі каб хоць неяк згладзіць адчайную вастрыню "абвінавачвання".
Завуч прыняла правілы - яна адказала сур'езна, без усмешкі:
- Мне ўсё зразумела. Давайце канкрэтызаваць, ці як? Ты, Юрка, патлумачыш кожны пункт?
- Пачну я, - адказаў Юрка, ніколькі не ўсміхнуўшыся.
Ён пачаў гаварыць, быццам чытаў з ліста паперы. Стала зразумелым, што гэтыя словы даўно і не адзін раз казаліся Юркам у думках, ён не адзін раз у сваім уяўленні выступаў вось так перад дарослымі.
- Дырэктар, Людміла Антонаўна, - чалавек праніклівы. Яна адразу зразумела, што я хачу спытаць. І - спалохалася. Вы, дарослыя, нават самі сабе баіцеся прызнацца ў тым, якую гнюснасць вы робіце цяпер…
- Хаванскі, Хаванскі, - з дакорам перапыніла яго класная. - Я папрашу з павагай адносіцца да Веры Андрэеўны. Яна ні ў чым не прызнана вінаватай, каб называць яе дзеянні гнюснымі.
- Гэта я і збіраюся даказаць, - ніколькі не разгубіўся Юрка. - Дык вось, не будзем адхіляцца, не будзем хадзіць далёка ў бакі. Возьмем толькі адзін сённяшні дзень. Тэма дня - прафілактыка СНІДу. Уся школа - у плакатах. Сярод іх палова - плакаты, зробленыя дарослымі, надрукаваныя мільённымі тыражамі. Гэтыя плакаты вывешваліся ж з Вашага ведама, Вера Андрэеўна?
- Так, з майго, - адказала Верачка, у вачах яе свяціўся насцярожаны агеньчык цікавасці: яна, гэта было відаць, не магла ўгадаць, аб чым далей будзе казаць гэты дзесяцікласнік.
- Другая палова плакатаў, якая малявалася школьнікамі, таксама ж была прагледжаная Вамі, Вера Андрэеўна, перад тым, як апынулася на сцяне ў вестыбюлі?
- Зразумела, - кіўнула Вера Андрэеўна.
- Што ж, давайце ўспомнім тыя плакаты. Іх галоўная тэма - як не "падхапіць" ВІЧ. Я дакладна помню заклікі з некалькіх друкарскіх плакатаў: "Гэта маленькая рэч нас уратуе", "Прапануй партнёру бяспеку" - гэта пра прэзерватыў так сказалі. На кожным плакаце: секс, секс, секс. І толькі на адным, на нашым, сексу не было…
- Юрый, але ж не Вера Андрэеўна малявала тыя плакаты! - усклікнула, гатовая абурыцца, Вольга Фёдараўна.
- Я не абвінавачваю Веру Андрэеўну ў тым, што яна малявала! - жорстка адказаў Юрка. - Хто яшчэ жадае што сказаць?
- Юрка мае рацыю, - ціха загаварыла Мэры. - Толькі на нашым плакаце стаялі хлопец з дзяўчынай і знізу быў подпіс: "Нас уратуе каханне". Мне было брыдка, чэснае слова, разглядаць плакаты, што рабіліся ў друкарні. "Адзін палавы партнёр - твая гарантыя" - там так было замест кахання. Прачытаеш усё - дык…
- Дык усё можна, - закончыў за Мэры Сяргей.
На яго азірнуліся ўсе. Але Сяргей не збянтэжыўся аніколькі, прадоўжыў.
- Што вы глядзіце, быццам дзесяць гадоў не бачылі мяне? Кажу, з плакатаў вынікае, што ўсё можна: "блакітныя" мужыкі - норма, бо размова ж ідзе пра палавога партнёра. Увогуле, "палавы партнёр" гучыць як нешта нежывое, сродак, як жанчына гумавая. І сам секс - гэта як самая звычайная фізіялагічная патрэба: паесці ці ў туалет схадзіць…
- І ніякай таямніцы не засталося… - з сапраўдным жалем прадоўжыў Віктар. - Захацелася сексу - пайшоў, знайшоў палавога партнёра… Адно прэзерватыў з сабой захапі.
- Вось што вынікае з вашай сённяшняй разумнай акцыі, - з абвінавачваннем падвёў рысу Юрка. - Вы не кажаце нам, каб быў у нас першы секс толькі з каханым чалавекам, вы не кажаце нам пачакаць і падумаць, вы не кажаце нам пра ненармальнасць сексу мужчыны з мужчынам і жанчыны з жанчынай. Адзінае, што гучыць ва ўсіх вашых размовах: прэзерватыў, прэзерватыў, прэзерватыў.
- І атрымліваецца, што ўсё можна, калі асцярожна, - уставіў Юрыс.
- І атрымліваецца, што ўсё можна, калі з прэзерватывам, - паправіў яго Юрка. - За ўвесь дзень ні слова не сказалі пра тое, што ранні секс - нядобра! Ні слова! І гэта пры тым, што ў мінулым годзе ў школе дзевяцікласніца зацяжарала, а ў гэтым - з паралельнага з намі класа.
- Згубіў логіку, Юрый, - уставіла класная. - Якраз, каб думалі пра бяспеку…
Вера Андрэеўна глянула на класную са здзіўленнем. Але ўжо і сама Вольга Фёдараўна сумна паправілася:
- Хоць я, здаецца, памыляюся. Логікі няма, але няма і дабра…
- Хто яшчэ жадае што дадаць? Выгаворвайцеся, бо наўрад ці калі яшчэ выпадзе, - запрасіў астатніх Юрка.
- Ды што тут казаць! - Віктар адчайна махнуў рукой. - Усе гэтыя антыСНІДаўскія акцыі толькі і прыдуманыя, каб рабіць з нас цынікаў. Правільна: ні слова пра каханне.
- І сам СНІД прыдуманы, - спакойна заўважыў Сяргей. - Я чытаў адзін добры артыкул…
- Хочаш сказаць, што такой хваробы няма?
- Чаму няма? Хвароба ёсць… - Сяргей акінуў прысутных позіркам: - Ды што вы разглядваеце мяне, як…
- Як чалавека, які маўчаў ды загаварыў, - падказала класная. - Кажы, Сяргей, цікава, што далей?
- Цікава… Каб дакладна ведаць, чаму адбываецца тое ці іншае, трэба заўсёды напачатку адказаць на адно пытанне: каму гэта выгадна? Дык вось, раней самым эфектыўным сродкам ад цяжарнасці быў прэзерватыў, самы старажытны, яго яшчэ з авечых кішак рабілі… Але потым з'яўляюцца таблеткі розныя, ну яшчэ сродкі. Зручныя, простыя, надзейныя, не тое што гэтая гума. І ў 80-я гады мінулага стагоддзя прэзерватывы не карысталіся амаль ніякай папулярнасцю, нават у моладзі. Былі таблеткі. І вось з'яўляецца СНІД. За некалькі гадоў выпуск і продаж прэзерватываў узраслі ў сотні тысяч разоў! Дык хіба кампаніям па іх вытворчасці гэта не выгадна?
- Цяпер зразумела, што любая антыСНІДаўская кампанія - гэта завуаляваная рэклама прэзерватыва! - усклікнуў Сашка.
- Не толькі рэклама, - уставіла Мэры. - Я вам зараз адну гісторыю раскажу…
Але пачаць Мэры не паспела: да кастра пад'язджала машына. Спынілася, выйшлі трое.
- Галінка, твая маці!
- І твой бацька, Мэры!.. Разам з маёй маці, - прашаптаў са спалохам нехта з дзяўчат.
Да кастра падышлі трое: дзве жанчыны і мужчына. Так і ёсць, маці Галінкі і Святланы, бацька Мэры.
Выглядалі яны разгублена. Было відавочна, што яны чакалі сустрэць тут што заўгодна, толькі не амаль увесь дзесяты ды яшчэ разам з класнай і завучам школы.
- Добры вечар!
- І вам добры! Праходзьце, сядайце, - запрасіла бацькоў Вера Андрэеўна. - Зараз мы вас кавай пачастуем, а потым будзеце разам са мной адказваць на пытанні. Нечага мне адной ды класнай за ўсе грахі нашы расплачвацца.
- За якія грахі? - насцярожылася маці Галінкі. - Я ўвогуле хачу ведаць, што адбываецца. Галінка, патлумач мне!
- А што тут адбываецца? Палім касцёр, гутарым, - адказала Галінка.
- Што за дурныя званкі? - павысіла голас маці.
- Чаму дурныя? - ускінулася Галінка. - Я сказала, што мы ў лесе. Я сказала, што ў мяне ёсць прэзерватыў! Што тут дурнога?
- А што мне думаць?
- Вось ты і сказала перад усімі, што ты думаеш пра сваю дачку! - са слязьмі ў голасе выгукнула Галінка, сарвалася на крык. - Я ніколі ад цябе нічога не хавала, то чаму ты мяне западозрыла чорт ведае ў чым? Хіба я давала табе повад думаць пра мяне дрэнна?
Галінка не расплакалася, але дзве слязінкі пабеглі з куточкаў яе вачэй.
- Дык… дык ты мяне правярала? - разгублена выдыхнула маці Галінкі, не ведаючы: абурацца ёй ці крыўдзіцца.
- Супакойцеся, таварышы бацькі! - прыкрыкнула Вера Андрэеўна. - Мы тут госці нязваныя, вашы дзеці - цалкам самастойныя. Нас сюды не запрашалі, то будзем сябе весці так, як нам прапануюць.
- І як нам прапануюць? - спытаўся бацька Мэры.
- Нас тут судзяць. Нас, настаўнікаў, вас, бацькоў. І астатніх дарослых. Давайце хіба кавы пап'ем, хто жадае, ды прадоўжым? - міралюбіва закончыла Вера Андрэеўна.
Налілі бацькам кавы.
- Мэры, што ты хацела расказаць? - асцярожна спытаў Юрка. - Ці не будзеш?
- Дык слухайце, - смела пачала Мэры. - Брат у мяне быў неяк на двухдзённым семінары куратараў па антыснідаўскай прафілактыцы. І вось прыязджае і расказвае сваёй жонцы… І я на кухні тады была, мяне не выганялі.
- А чаму я не чуў? - насцярожыўся бацька Мэры. - Што ты тут збіраешся расказаць?
- Так, - рэзка павярнулася да дарослых Вера Андрэеўна. - Калі мы жадаем, каб нас паважалі нашы дзеці, давайце будзем напачатку паважаць іх. Мы слухаем і адказваем на пытанні.
- Дык вось, - не зважаючы на бацькава пытанне, прадоўжыла Мэры. - Семінар двухдзённы, спыніліся ў адной з лепшых гасцініц. Практычна ўсе ўдзельнікі семінара - людзі дарослыя, жанатыя ды замужнія. І вось перад пачаткам семінара кожнаму выдаюць рабочую папку: там патрэбная літаратура, блакнот для запісаў, даведнікі, статыстыка, ручка, вядома. І - тры пакецікі. Семінар пачаўся, заканчваецца першы дзень, кажуць: у каго якія пытанні? Тады брат устае: хто складаў змесціва рабочых папак? Надта ж цікава - з улікам якога вопыту на адну ноч у гасцініцы паклалі ў папкі па тры прэзерватывы? Шэсць на пару, атрымліваецца. Вядома, там засмяяліся ўсе… Але брат, вось як наш Юрка, стаў казаць далей. Я, кажа, чалавек жанаты. Са мной за сталом чацвёра - усе маюць сем'і. А арганізатары семінара, нікога не пытаючыся, даюць нам гэтыя пакецікі. Як гэта разумець? У сямейным жыцці прэзерватыў як сродак ад СНІДу - бязглуздасць, бо сама сям'я - сродак ад СНІДу. Выходзіць, арганізатары семінара лічаць, што тут, у гасцініцы, кожны ўдзельнік толькі і чакае, каб "адарвацца па поўнай"? Больш таго, гэта не проста маўклівае абвінавачванне ўдзельнікаў семінара ў адсутнасці ў іх вернасці да мужоў і жонак, гэта літаральна штуршок да здрады! Увесь першы дзень лейтматывам гучала: нармальны мужчына павінен пастянна мець пры сабе прэзерватыў. Атрымліваецца, нармальны чалавек - гэта той, які, не задумваючыся надта, пры зручным выпадку яго скарыстае, здрадзіць сям'і. А наяўнасць прэзерватыва - не проста гарантыя бяспекі, але і паказчык адукаванасці, інтэлігентнасці і нават індульгенцыя. Вось так.
- І што адказалі брату?
- Ды перавялі ўсё на жарт, - адмахнулася Мэры. - Ён, дарэчы, таксама казаў, што на семінары ні разу не пачуў, каб нехта казаў, што менавіта каханне - сродак ад СНІДу, а не гэтая гума…
- Ну, Вера Андрэеўна, мы дастаткова патлумачылі пункты? - Юрку цяпер ужо не цярпелася пачуць адказы.
- Чакай, я яшчэ дадам, - зноў загаварыў Сяргей. - Вось нас абвінавачваюць у тым, што мы ў камп'ютэрах сядзім гадзінамі, дзе гэтыя стралялкі, што ў Інтэрнэце поўзаем, дзе парнаграфія і секс, што фільмы купляем і глядзім парнаграфічныя… А я вось спытаць адно толькі хачу: выбачайце, але хто гэтыя гульні стварае? Хто здымае парнаграфію? Хто выпускае і тыражуе фільмы? Хто дазваляе секс і парнуху па тэлеку? Мы - 16-гадовыя, ці гэта вы робіце, дарослыя? Вы , Вольга Фёдараўна, здаецца, логіку вельмі любіце? Дзе ж ваша логіка цяпер? Гэта ж не мае сябры, не Юрыс з Лёшкам здымалі апошні серыял, дзе бандыты ды прастытуткі светам кіруюць. Гэта вашы аднагодкі яго здымалі, гэта, можа, вашы сяброўкі там здымаюцца. Дык якога чорта нас абвінавачваюць у тым, што мы глядзім, гуляем, чуем? Можа, нам аслепнуць, аглухнуць і насы пазаклейваць?
- Сяргей, Сяргей, - паўшчувала Вера Андрэеўна, - не трэба так злавацца…
- А я не злуюся! Я толькі зразумець хачу: чаму мне сунуць з усіх бакоў пад нос дзярмо, а потым абвінавачваюць у тым, што я не ведаю паху ружаў!?
Нейкі час стаяла цішыня.
Віктар паварушыўся, пакруціў галавой, са скрухай заўважыў:
- Вось, прыйшлі дарослыя, і салаўі змоўклі…
- Гэта ўжо час іх спеваў скончыўся, - прагучаў глухаваты голас. То бацька Мэры, дастаўшы пачак цыгарэтаў, прысеў ля кастра, прыкурыў. - Цяпер толькі са світаннем пачнуць…
- Спужаліся салаўі нашага крыку…
- Чакайце, чакайце, экспромт лезе ў галаву ў святле апошніх слоў і падзей, - Віктар стаў пастукваць сябе па ілбе… - Маўчыце, маўчыце… Вось:
За колькі год у вушы нам ўвялі,
Што мы найгоршае на свеце з пакаленняў…
Мы свой касцёр у лесе развялі,
Мы спевы слухалі ў чаромхавым раі…
Прыйшлі дарослыя - і змоўклі салаўі.
А нас вініцца ставяць на калені…
На гэты раз ніхто не засмяяўся, у ладкі не запляскалі.
- Добра складаеш, Віктар, - ціха загаварыла Вера Андрэеўна. - Толькі надта драматызуеш. Зрэшты, вам уласціва ўсё ўспрымаць куды больш эмацыянальна, выпукла і жывей, чым нам… Ну што ж, абвінавачванні я прымаю. З першым пунктам абвінавачвання я разабралася. А што са зняццем з сябе адказнасці?
- А вы хіба не на нас перакладваеце ўсе свае грахі? - ускінуўся ўжо Сашка? - Цэлы дзень у школе аб прэзерватывах кажаце, а як гэты адзін апынуўся ў сумачцы дзяўчыны, то гэта не вы яе гэтаму вучылі, а проста яна сама - дрэнь, якую трэба біць?
- Пакуль што не буду адказваць, - сумна адказала завуч. - У мяне ёсць хадайніцтва. Прашу суд - значыць, усіх вас - уключыць свае мабільнікі і патэлефанаваць сваім бацькам, што мы знаходзімся ў Чарэмшані ўсе разам: дзесяты клас разам з класнай, завучам школы і нават некалькімі бацькамі. Я вас вельмі прашу.
Дзесяцікласнікі заварушыліся. Хто адходзіў крыху ўбок, хто тэлефанаваў з месца. Хвілін праз пяць тэлефанаванні закончыліся. Ні Сашка, ні Таня ўключаць мабільнікі не сталі. Таня проста не ведала, што ёй сказаць. Што яна можа сказаць маці, якая раптоўна для яе стала не проста чужой - страшнай? Яна паспытвала амаль фізічны жах толькі ад аднаго ўяўлення сустрэчы з ёй.
Раздзел: УРОКІ ПЕРШАГА КАХАННЯ |