Сучасная беларуская проза
 ў сучасным фармаце
     
      Я размалюю для цеба неба (флэш-фармат)(PDF-фармат) Першы боль, або Доказ закона прыгажосці (флэш-фармат) (PDF-фармат)
 
Пра сябе
 
 
 
   
    Беларуская літаратура
    Проза для дзяцей і падлеткаў
    Валерый Гапееў
 
 
 
Беларуская проза
 
   
 
 
Апошнія запісы
 
 
 
 
 
 
 
Тое-сёе...
 
   
 
 
Записки по темам
 
   
 
 
Каляндар запісаў
 
 
 
« Сентябрь 2010 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30
 
 
 

рецепты ликеров || Star Sky Film Studio - турция. Отдых с детьми!!! Лето-2009. || продажа подержанных бмв || Хотите заказать одежду? Смотри сюда: магазины пума в москве, сайт. Bellore.ru - первый.

   
Лёшкава каханне, або Віртуальнае дрэва рэальнасці-1,2
"Полымя", №5, 2008 год
Тлумачэнні для бацькоў, настаўнікаў ды іншых дарослых
Браузер – праграма для прагляду Інтэрнэт-рэсурсаў.
Форум – рэсурс у Інтэрнэце (сайт, частка сайту), дзе адбываецца абмен думкамі, адкрыты для ўсіх карыстальнікаў.
Адмін – адміністратар, кіраўнік сайта, форума.
Нік – прыдуманае імя на форуме
Аватар – невялікі малюнак побач з нікам юзера, або фотакартка яго.
Зарэгістравацца на форуме (рэгіцца, рэгіць) – выбраць сабе нік і задаць пароль для уваходу, каб усе адказы юзера пазначаліся гэтым нікам.
Аўтарызавацца – зайсці на форум, увёўшы нік і пароль.
Лазіць па форуму – праглядваць тэмы.
Пост – адзін адказ, пасціць – адказваць, пасціць тэму – пачынаць тэму для абмеркавання.
Топік – усе разам адказы на адну тэму, сама тэма.
Топікстартар – той, хто пачынае топік, тэму.
Флудзіць – пасціць не па тэме, несці лухту; вольная размова на вольную тэму.
Курылка – асобны раздел на спецыялізаваных форумах, дзе можна флудзіць.
Асабістая пошта, асобка – функцыя на форуме для абмену кароткімі тэкстамі з адным наведвальнікам.
Юзар – наведвальнік, карыстальнік, юзаць – карыстацца.
Яндэкс – пошукавая сістэма.
Дэлфі, С++ – мовы праграміравання.
Скрыпт – праграма ў формулах і кодах.
Кантэнт – тэксты на сайце.
Дыз – дызайн, знешні выгляд старонкі ў Інтэрнэце.
Смайлы – невялічкія фігуркі (ці сімвалы) ў тэксце для выказвання сваіх эмоцый. :) і :( – усмешка і незадаволенасць, ;) – падміргванне.
Аська – праграма для дыялогу дваіх, закрытага ад усіх астатніх.
Стукаць у аську – запрашаць да размовы.
Вінт, дыск, вінчэсцер, флэшка – носьбіты інфармацыі ў кампь’ютары.
Аператыўка – аператыўная памяць кампь’тара.
Комп – камп’ютар.
Інет, Сетка – Інтэрнэт.
Дыялап – мадэмнае злучэнне.
Бай-флай – хуткаснае злучэнне з Інтрэнетам.
Трабл – нейкая непрыемнасць.
Фішка – нечаканы ход, знаходка, нешта цэнтральнае, прыемнае, дадатнае.
Глючыць – дрэнна працаваць, глюкнуць – сапсавацца.
Павесціся – паверыць падману.
ВМЗ – электронныя грошы, у дадзеным выпадку долары ЗША.
Кашалёк – віртуальны кашалёк у сістэме электронных грошай.
Кіпер – праграма для атрымання і пераводу электронных грошай.
Мэйл – электронная пошта, сам адрас.
Спам – нежаданыя пісьмы рэкламнага характару.
Паштавік – праграма для атрымання і адпраўкі электроннай пошты.
Профіль – даныя аб юзеры, уводзяцца ім самім.
Трафік – пэўны аб’ём атрыманай-пераданай інфармацыі. Паліць трафік – атрымліваць непатрэбную інфармацыю.
Заўвага: калі што дарослым застанецца незразумелым, варта папытаць аб тым у дзяцей.

1
– Ты можаш мяне пакінуць у спакоі хоць на гадзіну? – Лёшка не адвёў позірк ад манітора ў бок маці, якая прыпынілася ля яго, сказаў спакойна, але з нейкім металічным прысмакам, якога маці раней не чула. І таму яна ўтрапёна глядзела на сына, ніяк не чакаючы такога тону.
– Ну, чаго ты маўчыш? – працягнуў Лёшка, рэзка крутнуўся разам са стулам.
Гэты стул, як і новы сапраўдны камп’ютарны стол, зроблены майстрамі па чарцяжах самога Лёшкі, з’явіліся ў яго пакоі толькі месяц таму, якраз перад пачаткам заняткаў. Лёшка на гэта зарабіў сам – напісаў некалькі праграм па заказах, некалькі адладзіў.
– Што гэта ты так размаўляеш? – нясмела пачала маці. Куды цішэй спытала, чым толькі што прагучаўшае: “Колькі ты будзеш сядзець за сваім камп’ютарам?!”
– А як мне з вамі размаўляць? – напорыста загаварыў Лёшка. – Ну, скажы – як? Я сяджу дома, у цябе перад вачыма, я не лажу ў Інтэрнэце ў пошуках парнаграфіі, ніколі не хаваю ад цябе і ад бацькі манітора. Вы можаце бачыць і не адзін раз бачылі, чым я займаюся. Я працую! Я зарабляю грошы, якіх нам вечна не хапае. Дык чаго ты не даеш мне спакойна гэта рабіць?! – закончыў ён ужо з ноткамі істэрычнасці.
– А Божачка, сыночак, што ты крычыш, – напужалася відавочна маці. – Я ж думаю, што вунь як на вуліцы цёпла, сябры твае гуляюць, то пайшоў бы з імі…
– А я не хачу! – ужо закрычаў уголас Лёшка. – Не хачу бадзяцца па вуліцах! Я хачу сядзець тут! Што ў гэтым дрэннага, скажы?
– Ды нічога, нічога дрэннага, – адступіла на крок назад маці. – Працуй, я ж думала, мо б пагуляў, а то адзін ды адзін…
– Мне хапае сустрэч у школе, мяне дасталі дурныя размовы ў класе, – Лёшка крутнуўся назад, да кам’ютара. – Не перашкаджай, калі ласка, – папрасіў ціха, супакоіўшыся. – Мне трэба скласці праграму для тэсціравання…
– Працуй, працуй, не буду, – маці паспяшалася да дзвярэй. – Толькі не трэба так нервавацца. Зусім ты стаў… не крануць цябе.
Маці пайшла, ціхенька прычыніла дзверы.
Лёшка ў дзесяты раз пераглядваў напісаныя радкі, але памылкі не знаходзіў. Ён увогуле раптам згубіў здольнасць разумець ім самім напісанае. Маці вінаватая, перапыніла? Не… Дарэмна ён на маці…
Лёшка спрабаваў запусціць скрыпт, але успыхвала памылка. Ён бяздумна ціскаў і ціскаў кнопку мышы. Ні халеры не паспее… За месяц трэба напісаць праграму. Так добра, здаецца ведае Дэлфі, а на табе, спатыкнуўся на такім простым дрэве.
Здаўся – набраў злучэнне з Інтэрнэтам, потым зайшоў на форум.
Тут, на гэтым форуме праграмістаў, Лёшка адно і адчуваў сябе вольна і спакойна. Яшчэ як толькі пачаў займацца праграміраваннем, адшукаў гэты рэсурс. Добрая ў іх тут кампанія. Адны хлопцы, ніякіх лішніх размоў. Толькі па справе. А флудзіць хочацца – калі ласка, курылка ёсць. Заходзь, і пішы аб чым хочаш.
Лёшка ў курылку рэдка заглядвае, хіба як тэма цікавая з’явіцца. А па вясне дык і не заходзіў – што ні тэма, то пра дзяўчат.
Лёшка стварыў тэму ў асноўным раздзеле “Не атрымліваецца дрэва. Дзе я напартачыў?”, выклаў у топіку код. Статыстыка паказвала, што на форуме былі Вожык, Лексус, Рапід – добрая сябры. Ім Лёшка, які на форуме пад нікам Тайлер, не раз дапамагаў, яму дапамагалі, разам яны і іншым навічкам паказвалі на памылкі, ці спрачаліся з–за чаго ў курылцы.
Адгукнуліся адразу.
Лексус: – Што гэта ты такую лухту сёння пішаш? У цябе ж не тое што дрэва, куста не атрымаецца!
Дрэва – гэта так завецца малюнак, на якім на лінію нанізаны папкі, кожная з якіх па шчаўчку мышы адкрываецца і паказвае, што ў ёй хаваецца. Як сапраўднае дрэва: ад ствала некалькі галін, ад кожнай вялікай галіны – яшчэ галіны, ад тых – галінкі, а на іх – лісточкі.
Тайлер: – А што тут у мяне?
Лексус: – Сінтаксіс не правераны. Радок вываду прапушчаны…Гэта ты сам пісаў?
Тайлер: – Сам.
Лексус: – Не паверыў бы ніколі. Добра, трымаў, паправіў.
Пасля слоў Лексуса ішоў знаёмы код з асобнымі знакамі іншага колеру – Лексус і памылкі паказаў.
Вожык адгукнуўся.
Вожык: – Я ведаю, у чым трабл. Тайлер закахаўся.
Лексус: – Ні халеры. У Дэлфі няма такой функцыі.
Вожык: – Функцыі няма, а каханне ёсць. Тайлер, выкладзі фота новай функцыі, памазгуем, падбярэм код.
Лексус: – Баюся, вінта не хопіць на код.
Тайлер: – Пайшлі вон. Тэма закрыта. Мне, ў адрозненне ад вас, не сперма на мазгі давіць, а тэрмін здачы прогі.
– Лексус: –Ну–ну, пабачу праз месяц. Восень, лісточкі падаюць пад ногі… рамантыка…
Вожык: – Лісточкі падаюць пад ногі ссохлымі марамі і звялымі надзеямі аб шчаслівым каханні…
Тайлер: – Вожык, збірай гэтыя лісточкі сабе на калючкі і пайшоў у спячку. Табе пара. Усё, дзякуй, я працую.
...Але правераны код (цяпер дакладна будзе спраўны) нешта не абудзіў жадання працаваць над праграмай далей. Лёшка зазірнуў у курылку – новая тэма: “Як сказаць дзяўчыне, што яна мне нецікавая?”
“Цьфу, дурні”, – ўсміхнуўся сам сабе Лёшка. У яго дакладна такіх праблемаў не будзе. Бо і дзяўчыны няма. Ды і ці будзе. За 10 гадоў у школе ні з кім і не гуляў ніколі. Чаму? Ды не хацелася.
Не, не трэба брахаць самому сабе. Было, было ў пятым класе, калі успыхнула нейкае такое незразумелае пачуццё, такое ўсёабдымнае, што і цяпер помніцца. Цэлы тыдзень хадзіў тады Лёшка ачмурэлы. І выпрасіў быў у маці грошы на дарагі падарунак. І прыйшоў да Яе на дзень нараджэння.
Там палова класа была. І яшчэ многа незнаёмых.
А Лёшка ішоў да гэтага дома пешкі. Вось захацелася яму так: не прывезці, а прынесці ёй гэты падарунак. Што там было ў тым пакунку? Ды якая розніца. Не трэба было ісці пехатой. Больш за паўтары гадзіны ішоў Лёшка. А дзень быў спякотны, паліла сонца.
Толькі ў той момант, калі ён нахіліўся ў пярэдняй, каб развязаць шнуркі на красоўках, у Лёшкі мільганула думка, што так і не памыў свае красоўкі унутры перад гэтым візітам – а значыць, новыя яго шкарпэткі будуць пасля такога маршу па горадзе пахнуць далёка не прыемна. Калі б ён ведаў…
Калі б ён ведаў, што скажа Яна, чакаючы яго ў пярэдняй разам з яшчэ некалькімі дзяўчынкамі, якім ужо карцела хутчэй зазірнуць у прынесеную Лёшкам каробку...
Лёшку б мо адвярнуцца трэба было ў кут, калі красоўкі здымаў, а так Яна прама перад ім стаяла.
– А вой, які ты смярдзючы! – здзіўлена выгукнула Яна, і ажно пальчыкамі нос заціснула. – З такімі шкарпэткамі за стол не пушчу!
Ці сур’ёзна яна казала, ці жартавала, але…
Першы раз за сваё жыццё Лёшка паспытаў такі сорам. Страшны і чорны, які літаральна раздушыў яго, і Лёшкі не стала, толькі гэтыя праклятыя красоўкі і смярдзючыя шкарпэткі.
Лёшка і сам не зразумеў, як у адно імгненне, не разгінаючыся, ён нацягнуў красоўкі на ногі і кінуўся з кватэры. І пачуў ззаду смех.
Ён неяк выжыў гэты месяц: месяц здзеклівых рэплікаў, двухсэнсоўных поглядаў, смешачак за спінай. Вядома, тое светлае пачуццё знікла. Замест яго быў сорам. І ён цягнуўся і цягнуўся за Лёшкам як той каметны хвост: ядром быў той дзень нараджэння, а хвастом – яго сорам. З гадамі, чым далей ад ядра, хвост радзеў, ды ніяк не знікаў.
І Лёшка быў упэўнены, што з аднакласнікаў ніхто не забыў нічога, што і цяпер да яго прынюхваюцца, хоць Лёшка душ прымае штодзень, штодзень мяняе бялізну, а пра шкарпэткі і казаць няма чаго. Дэзадаранты і добрая парфума ў яго з восьмага класа.
Лёшка цяпер добра ведае, наколькі важна для атачэння твайго, чым ты пахнеш…
Трэнькнуў уваходны званок. Маці пайшла адчыняць, пачуўся знаёмы голас – Юрыс прыпёрся. Зноў будзе цягнуць куды вечарам бадзяцца. Падабаецца яму выглядаць дасціпным, калі побач такі маўчун, як Лёшка.
– Здароў! – Юрыс уваліўся ў пакой, схапіў стул, падсунуўся бліжэй да Лёшкі. – Ну, што, атрымліваецца прога? Слухай, забі туды якую фішку, каб адказаў на пытанні, ціснуў – і адказы ўсе правільныя. Можна?
– А табе пароль адміна не даць?
– Дай!
– Захацеў… Пароль адміна задаецца ім самім, і можа мяняцца.
– Што, хочаш сказаць, нельга нейкі такі пароль прыдумаць, што над усімі адмінамі будзе адмінам?
–Можна.
– Дык зрабі!
– Пайшоў ты к чорту, нічога я рабіць не буду. Не бачу сэнсу. Мая задача – зрабіць прогу.
– От, дурань ты, Лёшка, і вушы ў цябе халодныя! Цябе б увесь клас на руках насіў.
– Не трэба мяне насіць, я сам хаджу, – адказаў Лёшка ўжо сур’ёзна.
– Ну, хадзі сабе, – працягнуў Юрыс, адразу пераключыўся на іншае. – У цябе Інет падрублены цяпер?
– Ага, я сабе Бай–флай падключыў.
– Крута! І бацькі грошы далі?
– Сам зарабляю.
– Добра табе. А я во ні халеры не ўмею. А дай палазіць? А то з маім дыялапам…
– Куды ты хочаш?
– Давай наш гарадскі форум.
Лёшка пераключыўся на Оперу. Юрыс глянуў на адкрыты форум праграмістаў, выдаў тут жа:
— Цю, які шэры…
— А тут для справы людзі збіраюцца. Нам дыз з кветачкамі не трэба. І трафіку менш паліцца.
— Ты тут тусуешся?
— Мы тут працуем. Дапамагаем адно аднаму. Грошы зарабляем…
Юрыс ведаў, як можа зарабляць Лёшка ў Інтэрнэце, і за гэта Лёшку шчыра паважаў: “Я б ніколі не змог з тваімі формуламі капейку зарабіць”. Ды Лёшка і не скнара – колькі разоў кідаў Юрысу колькі рублёў на мабільнік.
– А твой нік які? – спытаў Юрыс.
– Тайлер.
– А што гэта значыць?
– Ну, не ведаю. Так, прыдумаў…
– Добра, набірай адрас, дай я тут у пары тэмаў запашчуся…
На гарадскім форуме Лёшка быў не раз, але нават і не рэгістраваўся. Яму не цікава: адны і тыя ж тэмы, ўсё пра каханне, ды пра адносіны. Фільмы розныя, музыка…
– О, зараз я яму выдам! – Юрыс адшукаў патрэбную тэму на форуме, стаў набіраць адказ. – Уяўляеш, улез адзін тып у нашу тэму хіп–хопу, хоча нешта даказаць… Не цяміць нічога, а туды ж… А ты чаму не заходзіш, Лёшка? Тут палова класа іншы раз па вечарах тусуецца. Цікава бывае…
– Мне не асабліва цікава, – адгукнуўся Лёшка. – Ды і справу рабіць трэба.
– І сёння сядзець будзеш? Слухай, кінь тры рублі на мабільнік, аддам, як разбагацею. Маці зарплату пакуль не далі, а я на СМС–кі раскідаў.
– Кіну, давай зараз…
Лёшка забраў мышку ў Юрыса, хутка зайшоў на патрэбны сайт.
–Усё.
– О, дзякуй, – шчыра адказаў Юрыс. – Значыць, я цябе нікуды не выцягну сёння?
– Не, не выцягнеш.
– Шкада. Ну, працуй… Слухай, а колькі табе за прогу заплацяць? Калі не сакрэт?
– Не ведаю. То ж для школы. Якія ў нас грошы. Колькі заплацяць. А мне і практыка.
– Ну, я пабег. Бывай…
Юрыс пайшоў. Лёшка прыняўся за работу. Баламут Юрыс, але што ён шчыра да Лёшкі адносіцца – то праўда. І яшчэ як свеціцца ён энергіяй, з табой пабудзе – нешта рабіць хочацца. Вось і цяпер, настрой самы рабочы. І лёгка пайшло ўсё, атрымалася патрэбнае дрэва. І яшчэ паспеў базу распісаць, адладзіў увод–вывад.
Маці паклікала вячэраць. Калі перахапіў трохі паесці, вярнуўся да камп’ютара, адчуў, што стаміўся. Зайшоў на свой форум – нікога з сяброў не было. І пайшоў на гарадскі форум.
Зірнуў на апошнія тэмы, адна прывабіла ўвагу: “Колькі грошай сёння ў вас у кішэні”. Пасміхаўся, чытаючы разважанні аб тым, што “бацькі шкадуюць грошы на мабільнік”, “выпрошваю ўсякі раз на дыскатэку”. Па аватарках-здымках пазнаў траіх са свайго класа – Віктар са сваім лірызмам, Юрка Хаванскі з філасафічнымі развагамі аб тым, што лішнія грошы псуюць маладую псіхіку. І Юрыс нядаўна адказваў, нават нік яго тут такі ж, як і завуць – Юрыс.
Нешта штурхнула (мо падсвядома ўспомнілася запрашэнне Юрыса) і Лёшка хутка прайшоў рэгістрацыю.
Тайлер: – Не разумею тых, хто тут плачацца. Ва ўзросце ад 16 можна элементарна зарабіць самому і не прыніжацца выпрошваннем.
Пачакаў, перагрузіў браўзер.
Юрка (нік – Філосаф): – О, новенькі прыйшоў і такія заяўкі. Ну, падзяліся…
Пума (невядомы нік) – Зараз цябе, Філосаф, адправяць мыць аўто ці ў Макдональдс.
–Філосаф: – Я не супраць мыцця аўто. І ў Макдональдзе працаваў летам. Але, здаецца, наш юны сябар нешта хацеў цікавейшае прапанаваць.
Пума: – Стрыптыз арганізаваць. У Сетцы.
Тайлер: – У Сетцы хапае і стрыптызу, і сексу, і парнаграфіі без усякіх кошак. Не атрымаецца.
–Філосаф: – А чаго не хапае?
Тайлер: – Разумных людзей.
Пума: – Тайлер, а ты такі разумны? То падкажы дурным кошкам…
Тайлер: – Я – разумны. І зарабляю сваім розумам.
Філосаф: – Тады навучы нас…
Тайлер: – Тут, бачу, толькі размовы, а не вучэнне. Хто шукае – шукае ў другіх месцах. Юзайце Яндэкс па тэме “выдаленая работа”. І ўсе справы.
Пума: – А воечкі, што тут робіць такі разумненькі сярод нас …
Цімоха: – Ціха! Тайлер завітаў сюды, каб ашчаслівіць нас!
Пума: – Ой, я – уся ўвага! Тайлер, не цягні. Зрабі мяне шчаслівай!
Філосаф: –Глядзі, Пума, не хопіць месца на дыску пад падоранае шчасце.
Лёшка адчуў, як псуецца настрой. Стала прыкра. Ён не чакаў нейкай асаблівай увагі да сябе, але чаму аўтары пастоў не прынялі яго словы як сурьёзныя? Псіхануў.
Тайлер: – Ат, яшчэ раз пераканаўся, што наш гарадскі форум – балота. Адно балбатаць умеюць. Шчасліва кіснуць!
Пераключыўся на другі сайт – на свой форум праграмістаў…
Гэта толькі здаецца, што віртуальныя зносіны – простыя і бяскрыўдныя. Маўляў, выключыў старонку – і ўсё прапала. Ага! Якая розніца, дзе адрэагавалі на твае словы і хто адрэагаваў? Галоўнае ж для цябе зусім іншае – як адрэагавалі. І ніколькі не ратуе тое, што цябе ніхто не ведае. Ты ж сам сябе ведаеш. Ты пісаў – ты атрымаў адказ. І менавіта гэта для цябе галоўнае. Зрэшты, і ў жыцці ж тое. Вунь пісьменнік напісаў кнігу, яе прачытаў чытач, выказаў сваё меркаванне. Ну і што, ёсць розніца для пісьменніка: ведае ён гэтага чытача асабіста ці не?
Лёшка даўно ўпэўніўся, што так званыя віртуальныя адносіны – зусім не віртуальныя. Самыя рэальныя. Калі так да іх падыходзіць, з той віртуальнасцю, то і тэлефанаванні – віртуальныя. І пісьмы, што людзі раней пісалі – таксама віртуальныя. Людзі ж існуюць, людзі жывыя, і думкі ты агучваеш свае, і рэакцыя на гэтыя думкі застаецца на старонках форумаў…

2

Юрыс ўсеўся за свой камп’ютар пасля паўночы – так плаціць меней за Інтэрнэт, а то маці дае ўзбучку штомесяц: “Зноў амаль 25 тысяч за тэлефон! А Божачкі, дзе вам на ўсё набрацца!”
Вам – гэта яму, Юрысу, і бацьку. Бо бацька таксама іншы раз садзіцца за камп’ютар. Праўда, у яго другія прычыны: ён шукае змены ў настройках спадарожнікавых антэн.
…Юрыс зайшоў на форум – і вачам не паверыў: сярод новых за-рэгістраваных значыўся Тайлер.
“А, Лёшка не ўтрымаўся!”
Юрыса аж азарт ахапіў: ну, што там Лёшка, сама сарамлівасць і ціхасць 11 класа напісала?
Знайшоў тэму, пачытаў. Ну, так і ёсць, гэта дакладна Лёшка. Былі сумненні наконт ніка, цяпер няма. Ды і аватара няма. Лёшка заўважыў, што і на сваім форуме Лёшка быў без аватара.
Пасябраваў Юрыс з Лёшкам два гады таму. Хутчэй і не пасябраваў – проста паважаць пачаў. Тады таўкліся на перапынку, Юрыс і таўхануў у коле хлопцаў Лёшку. Той спінай проста ўляцеў у вітрыну. Добра, што там не шкло было, а пластык. Вітрына паляцела, і пластык (вялізны, халера, 2 на метр) раскалоўся. Што б Юрысу было – ён і не ведае. Аднак тады Лёшка спакойна сказаў намесніку дырэктара, што ён сам вінаваты і гэтак жа спакойна спытаў, колькі трэба грошай.
І грошы назаўтра прынёс. Юрыс хоць палову, ды неяк сабраў, аддаў Лёшку. Спытаў:
– А ў цябе адкуль грошы? Маці дае?
– Я сам зарабляю. У Інтэрнэце.
І, мабыць, каб больш яго не распытвалі, дадаў:
– Праграмы складаю, на Дэлфі. Нехта сайты робіць, ды ці мала чаго каму трэба.
– А калі ты навучыўся?
– А што мне яшчэ рабіць? Купіў кніжку, зацікавіўся.
Так, не дзіўна, што Лёшка тое праграміраванне асіліў. Заўсёды ўбаку ад класа, ціхі, непрыкметны. З дзяўчатамі – ніколі і нідзе. На дыскатэкі школьныя не хадзіў. І калі мусова было ісці, то ўбаку дзе і прастойваў увесь вечар.
– Ты чаго дзяўчат баішся? – спытаў неяк Юрыс. – Хлопец ты як быццам нармальны, адно, што ростам не надта выйшаў…
– Мне без іх добра, – адказаў тады Лёшка рэзкавата і замоўк, не стаў працягваць размову.
У мінулым годзе яны зблізіліся больш – Юрысу купілі кап’ютар, новы, то Лёшка іншы раз праседжваў у яго днямі. Бо яго камп’ютар, на які ён грошы збіраў год, быў слабы, аператыўка малая, працэсар хіба што ў Вордзе друкаваць, не больш.
Юрыс усюды імкнуўся пацягнуць за сабой Лёшку, іншы раз гэта і ўдавалася. Адчуваў Юрыс, што Лёшка і хацеў бы быць разам з усімі, але ці то саромеецца сам сябе, ці то смеласці яму не хапае, баіцца, што неяк не так зразумеюць яго словы ці дзеянні.
А так сябар ён быў добры – з такім і маўчаць можна. І Юрыс адчуваў свой нейкі абавязак перад Лёшкам. Нават маці аднаго разу заўважыла:
– Добры хлопец Лёшка. Падзяліць бы тваю кіпучасць на вас дваіх. А то ў цябе праз край, а ў сябра – няма.
І вось цяпер, гледзячы на нік свайго сябра, у Юрыса проста часаліся рукі. Праз хвіліну ён ужо зарэгістраваўся на форуме пад другім нікам. Не доўга думаючы, назваўся Ксенкай. А што, цікавы нік. Не такі, як усе гэтыя Мэры, Сонейкі, Кветкі… Пакапаўся ў сваёй папцы некалі скачаных карцінак, знайшоў ці то робата–дзяўчыну, ці то дзяўчыну–робата. Вырашыў, што такі аватар будзе сімпатычны для Лёшкі – як–ніяк робат мае нейкае дачыненне да пра-граміравання.
Запасціў на форуме ў той самай тэме.
Ксенка: –Тайлер, будзь ласкаў, раскажы, што трэба ўмець, якія веды запатрабаваны ў сетцы? Я ў такой сітуацыі, што мне проста неабходна мець свае грошы ў кішэні. Вельмі прашу.
Ну, вось, добрае зрабіў. Зазірне Лёшка – яму будзе прыемна, што запыталіся на поўным сур’ёзе ды і дапамагчы хоць словам другому прыемна… А там, глядзіш, прывыкне да размоў з дзяўчатамі. То можна будзе перайначыць хлопца!

  Каментарыяў: 2 | Праглядаў: 4279 | распечатать

Раздзел: УРОКІ ПЕРШАГА КАХАННЯ |
КАМЕНТАРЫІ
  (7.05.2010 - 22:11) цитировать
 
 
  ИМХО неплохо

 
 
 
  (24.06.2009 - 14:26) цитировать
 
 
  Вельмі цікава, сапраўды пра нас, сучасных падлеткаў. Ажно закарцелася далей прачытаць! ;)
Ответ от Valeriy
Дзякуй!