Сашка
На стале - талерка, хлеб, на пліце печкі - каструля з халоднымі пельменямі. Сашка вылаўліваў пельмені прама з каструлі, не хацеў пэцкаць талерку - і так горка нямытага посуду сабралася. Урокі парабіў, трохі паглядзеў тэлевізар. Пачало шарэць за вокнамі. Апрануўся, прынёс дроў. Выгрузіў ля печкі - малавата будзе, вунь як холадна стала ў хаце. Не дзіва - два дні не топлена. Бацька ўчора прыйшоў дадому не адзін, з нейкім зарослым рыжым шчаціннем мужыком. Курылі на кухні, пілі, закусваючы салам. Кавалачкам сала ўчора вячэраў і Сашка.
Раздзел: Апавяданні |
------
|
|
|
Чырвоны радок
( З дзённіка першакурсніка) 30 жніўня Ну, вось я і ў Мінску. Мне 15 з паловай, я стаў самастойным чалавекам. Тры месяцы таму быў яшчэ вучнем сярэдняй школы. Праўда, вучанем не простым: я - круглы выдатнік ад першага класа, намеснік старшыні Савета школы. Там, у той вясковай школе, я быў на асаблівым уліку, я быў першы. Уга, як мяне адгаворвалі ад паступлення, угаворвалі заканчваць школу і атрымаць залаты медаль. А мне надакучыла. Быць першым, быць лепшым добра, але сярод каго? Сярод простых вяскоўцаў? У класе былі такія, што чыталі толькі трэць таго, што было ў падручніках. А я амаль усю школьную бібліятэку за 9 год перачытаў. Нават "Вайну і мір". Цяпер трэба пачынаць жыццё з чыстага ліста, з чырвонага радка.
Раздзел: Апавяданні |
------
|
|
|
Ты не памрэш
Васілёк прачынаецца заўжды ў адзін і той жа час. І глядзіць на спінку свайго драўнянага ложка. Там сонечны зайчык - сонца, заглядваючы праз акно, кідае свае прамяні на партрэт дзядулі на сцяне, і роўны чатырохкутнік святла адтуль кладзецца на спінку ложка. Край гэтага чатырохкутніка штодзень прыкметна напаўзае на сярэдзіну спінкі. Бацька патлумачыў ужо Васільку, што гэта азначае: сонейка ўстае што ні дзень, то раней. Васілёк прыслухоўваецца, імкнецца па гуках на кухні ўгадаць, што гатуе на сняданак мама. Сёння раз-пораз ціхенька бразгае аб рашотку пліты патэльня. Матуля смажыць нешта. Мабыць, картапляныя аладкі. Васілёк любіць аладкі. Ён, увогуле, многае любіць, але сёння, як і ўчора, і пазаўчора, і ўжо колькі дзён таму, яму не хочацца есці. Маме гэтага ён не кажа, з'ядае ўсё, што яна прыносіць. У яе і так вельмі сумныя вочы, і яны застаюцца такімі, нават калі яна ўсміхаецца. Смяецца мама... Не, мама ўжо даўно-даўно не смяецца.
Раздзел: Апавяданні |
------
|
|
|
Туман
Цішыня... Яна цяпер такая, як ніколі. Не такая, як увесну - звонкая, крохкая, бы шкляная. Не такая стомленая, як улетку і не такая, як зімой - насцярожаная, гатовая падхапіць, разнесці па збялелых абшарах самы ціхі хрумст снегу пад нагой. Гэта восеньская цішыня... Яна ахутвае наваколле, глушыць гукі і крокі, ахінае спакоем, развагай, нетаропкасцю. Сівы туман, што нават і рукой крануць можна - такія буйныя на выгляд кроплі плаваюць немітусліва ў паветры, - бы і ёсць гэтая цішыня. Ён шчыльна прыціскаецца да самай зямлі, хавае не толькі гукі, а і крыніцы гэтых гукаў, і нябачная галінка бязгучна ламаецца пад нагой - ты гэта і адчуваеш, але не чуеш.
Раздзел: Апавяданні |
------
|
|
|
Быць тваім сабакам
Ліст быў і не жоўтым, і не чырвоным. А такім, як чалавечая далонь, што паружавела ад холаду. І адсюль, з пакоя, Антон, здавалася, адчувае, як холадна і зябка гэтаму кляноваму лісту. Невядома, адкуль прынёс яго сюды сыры вецер і панёс бы куды далей, ды ліст вось прыляпіўся да вугла шыбіны. І цяпер здаецца, што нечая далонь адтуль, з восеньскай халадэчы, просіць літасці. Як хутка яна надышла - восень! Пажоўклую і пачарнелую лістоту неяк раптоўна здзьмула з безабаронных дрэў, і аголеныя цяпер галіны сячэ дробны дождж. Кроплі бясконца сцякаюць па шкле, падцякаюць пад кляновы ліст. Яны, кроплі, заадно з ветрам, заадно з восенню: ім усім трэба схаваць гэты ліст - знішчыць ад людзей і ад яго, Антона, апошні напамін пра лета.
Раздзел: Апавяданні |
------
|
|
|
Кантрольная па фізіцы
"...З лодкі, якая плыве па цячэнню з хуткасцю 25 метраў у мінуту, стрэлілі з ружжа..." Настаўніка фізікі ўсе пабойваюцца. Яшчэ б! Тут, у лагеры "Зубраня" сабраліся, лічы, адны выдатнікі. А ён, высокі і худы, незвычайна строгі, ужо на другім уроку, калі і імя яго яшчэ добра не запомнілі, ужо паставіў дзве "тройкі" і "двойку" тром дзяўчынкам. Адна нават заплакала. Тут не паплачаш! Адзнакі гэтыя павязеш з сабой у сваю школу, вось там будзе сорам: адпраўлялі выдатнікам, а вярнуўся з "двойкамі".
Раздзел: Апавяданні |
------
|
|
|
Галка
Вось калі добра-добра падумаць, то быць непрыгожай не так ужо і дрэнна. Галя непрыгожая, так усе лічаць. Нос у яе маленькі, востранькі, тварык хударлявы, а вочы амаль чорныя, у тонкім паўкружжы брывоў. То Галя іх надта не паказвае. Гэта няцяжка - глядзі сабе пад ногі, калі па вуліцы крочыш. А ў клубе на танцах можна на касету глядзець. Галя каля магнітафона - гаспадыня. Бо ніхто акрамя яе гэтулькі новых касет у райцэнтры не купляе - грошай шкадуюць. А яе бабуля для ўнучкі на гэтыя самыя касеты дае. Бабуля ў Галі вельмі добрая.
Раздзел: Апавяданні |
------
|
|
|
Адарваны гузік
Цяпер я зрэдку бываю дома, іншы год і аднаго разу не даводзіцца наведаць неяк незаўважна пастарэўшых і ссівеўшых бацькоў. Але ўжо колькі гадоў запар, калі аўтобус падвозіць мяне да Доўска, і я іду на спадарожную машыну, прыпыняю ў гэтым месцы крок. Хутка, каб зусім не спыняцца, абглядваю вялікі лапік зямлі.
Раздзел: Апавяданні |
------
|
|
|
Хрышчэнне
 Учора днём возера здавалася зусім побач. З бабулінага агарода было відаць прыбярэжнае кустоўе. А цяпер нізкі кудлаты туман заслаў луг, і росная сцяжынка, што студзіць ногі, казыча мяцёлкамі цімафееўкі, здаецца бясконца доўгай - не відаць канца - а ракітнік на беразе возера хаваецца недзе далёка ў тумане.
Раздзел: Апавяданні |
------
|
|
|
Абсалютнае жаданне
Чараўнік быў звычайны. З невялікай, клінам, сівой барадою, з дзіцячымі блакітнымі вачыма і сумнаватым, праніклівым позіркам. Ён быў за шклом у будцы гадзіннікавага майстра, якога (так казалі) пасадзілі за нешта на тым тыдні. Замест аб'явы "Майстар хварэе" была напісана сінім алоўкам нетаропкімі роўнымі літарамі іншая: "Выканаю адно жаданне. За любы кошт".
Раздзел: Апавяданні |
------
|
|
|
Качаняты
Як вылупяцца з яйкаў, яны аднолькава пацешныя, іх прыемна браць у рукі, падносіць да твару, лавіць вуснамі маленькія дзюбы, што ўмомант ажываюць і пачынаюць працэджваць сліну. Гэта казытліва-прыемна, і жывы камячок у руках напаўняе сэрца чуйнасцю і адказнасцю - адказнасцю за жыццё.
Раздзел: Апавяданні |
------
|
|
|
Крыж у жыце
Памірала вёска. Цяпер ужо кожнаму, хто праходзіў доўгай вуліцай з прарэджанымі радамі хат, было зразумела, што яшчэ колькі год - і каля адзінае студні з галосна рыпучым жоравам не натоліш смагу, бо вада пазелянее, набудзе непрыемны пах старасці і затхласці. Як і не паласуешся са здзічэлага саду яблыкам маленькім і кісла-горкім.
Раздзел: Апавяданні |
------
|
|
|
Першыя навальніцы
Лета выдалася наўздзіў гарачае, па агародах сохла бульба, а пясок на вясковай вуліцы быў што прысак з печы - не вельмі і разгонішся басанож. Каровы вярталіся з пашы подбегам, галодным рыкам прыспешвалі сваіх гаспадынь, каб хутчэй ухапіць нарэзаных яблыкаў-паданак ці перастаялай травы, што недзе збіў касой гаспадар.
Раздзел: Апавяданні |
------
|
|
|
Назіральнік
Дзіўная птушка бусел. Іван Каўтун, у якога жонка Марыся ніяк не магла жывое дзіця нарадзіць, і верхавіну бярозкі каля свайго дома ссек, і драўляную барану туды зацягнуў, і голля сухога на яе накідаў - а пара буслоў дзве вясны запар кружыла над вёсачкай, ды так і не прысела на тую барану. А ўзімку абламалася верхавіна бярозкі каля дома бабы Адаркі.
Раздзел: Апавяданні |
------
|
|
|
Падарунак
Красці трэба ўдвух! Ігар ужо больш за паўгадзіны назірае за кіёскам і ўсё больш баіцца, што яго заўважаць. Не адтуль, ад кіёскаў, а вось адсюль, ад гэтай лаўкі, на якой ён так доўга чакае. Здаецца, сцяжынка тут глухая, ніхто на ёй не павінен з'явіцца, а за той час, як Ігар тут сядзіць, ужо двойчы міма яго прайшлі.
Раздзел: Апавяданні |
------
|
|
|
Работа над памылкамі
За дзевяць год вучобы ў школе Аксана ні аднога разу не забыла пра дамашняе заданне. Нават калі прыкрая ангіна ўклала яе ў ложак, усё роўна яна кожны вечар, патэлефанаваўшы сяброўцы, выконвала не толькі пісьмовыя заданні, але чытала і вусныя. Аднойчы і назаўсёды яна вырашыла, што калі ты нешта абавязаны зрабіць, значыць гэта павінна быць выканана.
Раздзел: Апавяданні |
------
|
|
|
На кляновых прысадах
Добра, што гэтыя прысады са старымі разлапістымі клёнамі дасталіся неахайнаму дворніку. Іншыя вуліцы і сцяжынкі зараз таропка падмятаюцца, на іх завіхаюцца незразумела сярдзітыя дзядзькі і цёткі, размахваюць даўжэзнымі мётламі. Зласлівае "шырхшырх" чуецца вакол, спуджанымі птушанятамі невысока ўзнімаецца ўгару лісце, разлятаецца ў бакі, не хоча класціся ў бруднаватыя безаблічныя кучы.
Раздзел: Апавяданні |
------
|
|
|
Акуляры
Санька быў упэўнены, што ў яго будзе самая лепшая настаўніца. Так яму і падалося ў самы першы ўрок: яна была зусім не такая, як астатнія настаўніцы. Тыя, шчыра сказаць, былі вельмі падобныя на вясковых цётак: крыху паўнаватыя, рукі ад зямлі агрубелыя, загарэлыя за лета твары, гаворка простая і трымаюцца проста, хоць і строга, імёны ў іх самыя звычайныя - Ганна Якімаўна, Алена Міхайлаўна...
Раздзел: Апавяданні |
------
|
|
|
Альтэрнатыва
- А-а-а-а-а-а-а! Віцька крычыць на адной ноце, крычыць з усяе моцы, а крычаць так цяжка, не хапае паветра, быццам крычыш пад вадой. І голасу свайго не чуеш. Гэта не дзіўна, гэта жудасна, бо Віцька не аглух, ён толькі чуў, як трашчаў сук той вярбы, што нахілілася над вадой, чуў плёскат, з якім упаў у ваду, нязграбна хапаючы паветра рукамі, Сёмка.
Раздзел: Апавяданні |
------
|
|
|
Бярозкі за ваколіцай
Яго звалі Сашкам, яе - Аляксандрай. Яго пабойваліся і дарослыя, і дзеці, а яе рэдка можна было пабачыць адну - дзяўчынкі пастаянна акружалі яе, прыпынялі на вуліцы кабеты. У яе быў адкрыты, незвычайна светлы позірк. Ён паглядваў на ўсіх і ўсё з-пад ілба, быў дзікаватым, і за спінай яго так і клікалі: "Дзічок".
Раздзел: Апавяданні |
------
|
|
|
|