Адалт-трафік для паэта, або Апраўданне сродкаў
(урывок з аповесці)
У Віктара сціснула горла – першы раз ён бачыў, як вольна сябе пачувае дзяўчына, калі за ёй ніхто не назірае. Першы раз ён бачыў аголенае жаночае цела ў жыцці, не на экране. Нязмушанае, спакойнае. Прыгожае. І так бачыў, што да драбніц, да радзімкі на адным са сцёгнаў. Дзяўчаты апрануліся.
Віктар выключыў запіс. Яго распірала. Хвалюючае відовішча аголеных целаў адышло на задні план – цяпер Віктара салодка тлуміла радасць першай удачы. Які сюжэт хвалюючы! Няхай і просты зусім, але ж галоўнае – натуральны! О, такі захочацца праглядзець не адзін раз… Дзяўчаты сабраліся і пайшлі. Віктар аглядваў бераг, але нічога цікавага, вартага ўвагі не было. Простыя людзі, простыя, звычныя паводзіны. Ужо хацеў збірацца – не цярпелася скінуць запіс на капмр’ютар і апрацаваць, падабраць музыку. Але стрымліваўся: а раптам вось цяпер ды нешта пачнецца, як толькі ён пачне збірацца? Яшчэ ж далёка не цёмна.
Назіраў яшчэ паўгадзіны. І не дарэмна! Якраз на тое утульнае, зацішнае месца, дзе былі дзяўчаты, пад’ехаў аўтамабіль. Мужчына паўнацелы, важны такі і жанчына – проста тоўстая! Па ўсяму, муж з жонкай… Жанчына схадзіла да вады, нешта задаволена казала мужчыне – той якраз распранаўся. На ім былі смешныя, доўгія трусы. Жывот вялікі, скура белая. Жанчына таксама адышла бліжэй пад куст і пачала распранацца. Віктар уключыў запіс – а раптам будзе што цікавае?
Не цікава атрымалася – амаль агідна. З сумкі жанчына дастала купальнік. Распранулася цалкам. Яе скура была белая-белая, нейкая быццам несапраўдная. Раптам аказалася, што яна ў шырыню амаль аднолькавая з вышынёй свайго росту – без адзення фігура яе падалася нейкай карыкатурай на жанчыну. Вялікі жывот, вялікія, крыху пляскатыя грудзі боўталіся так непрыгожа, калі яна крыху нахілялася наперад, пераапранаючыся. Усё было непрыгожа. Вельмі. І рухі жанчыны… І тоўстыя складкі тлушчу на нізе жывата, і яе запіхванне сваіх грудзей у цесны купальнік, і нацягванне вузкіх плавак, якія спераду амаль цалкам схаваліся пад тымі складкамі тлушчу на жываце.
Мужчына падышоў, клапатліва паправіў купальнік на спіне. Потым прыабняў гэту таўстуху і яны пайшлі да вады. Асцярожна уваходзілі, калі вада дайшла жанчыне да яе шырачэзных сцёгнуў, яна прытрымала мужчыну за руку і смешна прысела тоўстым задам у ваду. І мужчына зрабіў тое ж. Брыдота, пасміхаўся Віктар. Але няхай будзе – цікавы кадр. Не ўсё ж на мадэльных прыгажунь глядзець. …Няўжо такую жанчыну можна кахаць? Ну, некалі яна мо была куды зграбнейшай… І вось такая таўстуха сексам займаецца? З ім разам? Неверагодна. Такія ды яшчэ ў такім узросце? Уявіць брыдка.
Але недзе там, за гэтай уяўнай брыдотай цвялілася і іншае, ледзь улоўнае адчуванне ад гэтай сцэны – вельмі блізкае да таго, калі маладыя муж і жонка клеілі шпалеры ў кватэры. І тую сцэну са шпалерамі, і гэтых таўстазадых мужа і жонку ўлоўна, ясна збліжала між сабой светлае пачуццё увагі і павагі адзін да аднаго…
Нечаканая думка прымусіла аж замерці: а яго маці хіба мадэль? Віктар умомант прагнаў думку, але яна вярнулася і ён зразумеў – не схавацца ад яе. Так, былі ў мінулым годзе на рэчцы разам, то ў маці жывот таксама не вельмі там каб… Пісягі на ім… Маці толькі ўсміхнулася, калі прыкмеціла кароткі сарамлівы позірк Віктара: – Што? Расцягнуў мой жывот, пакуль тут сядзеў, а цяпер дзівішся? – засмяялася, так шчасліва, быццам галоўная мэта жыцця была – нарадзіць, а што той жывот расцягнуўся, што пісягі на скуры – то як ордэнскія планкі. І Віктару стала вельмі ўтульна. Тады, на тым возеры (гэта была Свіцязь) ён упершыню паглядзеў на маці як на жанчыну, а на бацьку – як на мужчыну. І ўпершыню ён пабачыў праяўленне іх пачуццяў – праз кароткія дотыкі, погляды, праз іх дураслівасць у вадзе…
Цяпер ён прыкмеціў, а раней чуў. Кватэра старая, а сон той раз не ішоў так доўга. От тады ён першы раз звязаў тыя гукі ў спальні бацькоў з сексам – і ашалеў ад таго, што звязка гэтая – правільная. Ледзь паснедаў, так было сорамна. За ранак так і не зазірнуў маці ў вочы. У той жа дзень ён прызнаўся Мэры што чуў, як маці з бацькам займаюцца любоўю. І што яму нечага брыдка.
– Ну ты і дурань! – шчыра здзівілася Мэры. – Ды ты – шчаслівейшы чалавек! Твае бацькі кахаюць адзін аднаго – радавацца трэба! – Ды… Чорт яго ведае, – разгубіўся Віктар. – Узрост… Хіба ў іх гады каханне …існуе? ¬ – Эх ты! – з жалем прамовіла Мэры. – Я за цябе замуж не пайду. Па-твойму выходзіць, што сексам займаюцца да 18 гадоў і не болей. А тады што? – Ды не думаў я…– шчыра прызнаўся Віктар. – І што, вось мае бацькі таксама цалуюцца, як мы з табой? – І ў сто разоў лепей! – капрызліва адказала Мэры, а потым сумна дадала: – Тата што толькі не зробіць іншы раз для маці: тая з работы прыйдзе – вячэра гатовая. У хаце прапыласосіць, мне не дасць, кветкі ў спальню прынясе, ў залу – прынясе, на кухню – прынясе. А маці прыйдзе: што ты тут за дрэнь прывалок, ты што, не ведаеш, якая ў мяне алергія? Вось так… Тады тата сядзіць са мной на кухні – мы з ім красворды рашаем. А маці спіць. Тата тры словы падкажа і ідзе пакурыць на балкон. А прыйдзе – ад яго свежай гарэлкай пахне. Эх, якая б я шчаслівая была, каб чула тыя самыя гукі кахання са спальні бацькоў! Дурань, ты Віктар…
Віктар не пакрыўдзіўся. І дадому ён вяртаўся спакойны. Хоць і была яшчэ нейкая ніякаватасць (а цяпер дык больш – вінаватасць) у яго душы, трымаўся ён так, як быццам нічога не чуў учарашняй ноччу. Але з таго вечара ён ніколі больш не заседжваўся ў зале, калі бачыў, што бацькі збіраюцца класціся. І больш не прыслухоўваўся да гукаў у спальні – проста уключаў плэер, устаўляў навушнікі ды з імі і засынаў.
…Калі б маці распранулася цалкам – хіба б яна была прыгожай? Пра гэта брыдка было думаць, але малюнак, як навалач якая, як смяцінка ў воку – стаяў перад вачыма. Не, Віктар не уяўляў маці голай, не мог… Іншае ўяўленне да халоднага ліпкага поту працяла свядомасць: вось так, як Віктар назірае за гэтай невядомай яму парай пажылых людзей, нехта недзе назірае за яго маці…
Раздзел: УРОКІ ПЕРШАГА КАХАННЯ |
|
|